Паэты паміраюць маладымі… Пра Эдуарда Мазько піша Ірына Шатыронак

Паэтычны зборнік “Займеньнікі” быў складзены самім аўтарам, але, на жаль, Эдзік Мазько яго ўжо не ўбачыў.

 

29 жніўня, у ягоны дзень нараджэння, яму споўнілася б толькі 44 гады. На вечар прыйшлі пісьменнікі, паэты, калегі па ўніверсітэце – Эдуард Мазько працаваў на кафедры сацыялогіі. Вядомы гарадзенскі музыка, гітарыст Уладзімір Захараў суправаджаў вечар лютневай музыкай, у яго суправаджэнні гучалі беларускія народныя і еўрапейскія мелодыі.

 

Таленавітая паэтка Святлана Куль працавала разам з Эдзікам Мазько, сябравала з ім, але больш за ўсё іх аб’ядноўваў свабодны дух паэзіі.

 

Цяпер я разумею, чаму свой зборнік “Вершы. Байкі. Паэмы” яна адкрывае з прысьвячэньня Эдзіку Мазько.


Цыгарэтай апошняй дапаліцца дзень недарэчны.
Кубак вусны апёк, толькі каваю не наталіў.
Трыццаць пятую ноч адлятае мой сябар у вечнасць,
Цераз некалькі дзён ён ужо не пачуе Зямлі.


Без яго ў Беларусі няўтульна, маркотна, няўцешна,
Трыццаць пятую ноч Беларусі яго не стае.
Ён ляціць ад Зямлі і складае апошнія вершы,
Што, як знічкі, згараюць у цёмных нябёсах яе.

26-27.07.2011

 

Якая ў паэткі доўгая, як рэха або ўздых, сумная і жывая страфа.

 

Эдзік Мазько так рана пачаў адчуваць смерць, трагічны лёс. Яго вершы проста працятыя прадчуваннем смерці.

 

Як цяжка перажыць апошні дзень,
прайсці скрозь успамінаў чараду.
А сьмерць ужо кладзе свой цень
на сонечны прамень і на вясну.
я, забыўшыся на цэлы сьвет,
гляджу ў яе пустыя вочы
і шлю апошні свой прывет
сьвятой збавіцельніцы-ночы.

 

Мяне ўзрушыла, што ў свае 15-17 гадоў юнак так востра прадчувае будучы трагічны лёс. Сваё месца і ролю ў навакольным свеце пятнаццацігадовы юнак пазначае ў вершы “Кола”. Прывяду ўрывак.

 

…не пакідаючы знакаў на дрэвах
не астаўляючы ў пыле сьлядоў
не азіраючыся на крыкі твае
я буду ісьці наперад
да зор.

 

Дзіўна, але гэта мысленне духоўна спелай, самадастатковай і багатай на пачуцці, як асобы, так і паэта.

 

Амаль у кожным вершы жыццё, як прадчуванне смерці. Думкі пра смерць пераследуюць з ранняга ўзросту. Ён прывык да іх і навучыўся сплятаць іх у паэтычныя радкі і строфы.

 

Чорнае і белае. Рэзкі кантраст.

 

Цёплым днём яму холадна. Паэт жыве ў соцыуме, але ён самотны, адгароджаны ад знешняга свету ўнутраным пульсам, токамі, сэрцабіццем, дыханнем, уласным тонкім слыхам і зрокам.

 

Так можа жыць і атрымліваць асалоду ад словатворчасці толькі сапраўдны Паэт, рэдкі Паэт з вялікай літары.

 

Такое не прыдумаеш, з гэтым адчуваннем трэба нарадзіцца і жыць. І не зламацца. Паэт свой боль і безвыходнасць пераплаўляў у выратавальны паэтычны радок. Творчасць не пакідала яго, сілкавала і напаўняла, як крыніца напаўняе свежымі бруямі чысты калодзеж.

 

Мне
быць сабою –
страшная пакута.
Мне
быць чужым –
прыстойней і лацьвей.
мой лёс
і жорсткі, і акрутны
і лепшы, чым у тысячы людзей.

 

Паэт любіў Гродна, які стаў для яго родным, старадаўні горад натхняў яго на вершы і падарожжы ў часе.

 

Святы анёл са шпілю пекнай Фары
Штоночы шпацыруе па Гародні.
І я патрапіў на яго сягодня,
Калі вяртаўся да цябе з вакзалу.
І скрозь святло неонавых рэкламаў
Мы моўчкі з ім па вуліцах блукалі
І тое, што не страцілі, шукалі
На польскім бруку, у вітрынах крамаў.

 

Сябры Эдзіка Мазько Анатоль Брусевіч і Русціс Камунтавічус пакінулі на вокладцы кнігі наступныя словы: “Эдзік Мазько – беларускі паэт, вершы якога нараджаліся пад уплывам ментальнага і культурнага асяродку роднай Гародні, а сваімі ідэямі і тэмамі выходзілі далёка за яе геаграфічныя межы. Шэраг ягоных вершаў прысвечаны Коўну, Вільні, Беластоку, Бельску, Варшаве, Кіеву”.

 

Эдуард Аляксандравіч Мазько (1970-2011) – паэт, культуролаг, сацыёлаг, кагдыдат гістарычных навук.