20 верасня ў Гродне пачне працаваць скейт-парк
Сваім меркаваннем з карэспандэнтам “Твайго Стылю” падзяліўся адзін з удзельнікаў будоўлі – Яўген.
– Тут збіраецца скейт-парк. Збіраюцца канструкцыі для яго.
– Хто ўдзельнічае ў будаўніцтве?
– Толькі мы. Усё будуецца сваімі сіламі.
– Ці ёсць сярод вас прафесійныя будаўнікі?
– Не. Ніхто з ўдзельнікаў будоўлі не мае спецыялізацыі будаўніка. Але ўсе разлічана. Прыязджаюць хлопцы з Мінску, якія займаюцца гэтым больш прафесійна, і кансультуюць нас. Яны былі ў падобных парках у Еўропе, у Расіі. Усё надзейна, небяспекі няма.
– Колькі плануецца сабраць канструкцый?
– Шчыра сказаць не магу. Пакуль 13 ці 14. Таксама там збіраюць сцэну для канцэртаў і выступаў.
– Ці без праблем дазволілі пабудову парку на тэрыторыі паркоўкі?
– Аблвыканкам даў дабро. Я не ведаю, колькі там гэтага дамагаліся, я займаюся афармленнем.
– А як ты даведаўся пра тое, што тут будуецца скейт-парк?
– Конкрэтна я – выпадкова, проста праходзіў і ўбачыў працэс, вырашыў прыняць удзел.
– На тваю думку, скейтарская субкультура развіта ў Гродна?
– Парк будуецца не толькі для субкультуры. Гэта трэнажоры для моладзі, каб можна было займацца актыўным спортам, а не піць ці курыць. Таксама плануецца завесці інструктараў, якія будуць навучаць групы дзяўчат і хлопцаў. Тут жа будуць праводзіцца спаборніцтвы. Акрамя таго, раней проста не было дзе катацца, а зараз ёсць адмысловае месца. У гэтым парку ўсё будзе класна!
– Калі адкрыццё парку?
– 20 верасня прыедзе брэсцкая каманда з 20 чалавек. І адразу ж правядзе тут кантэст (спаборніцтвы).
– На чым тут можна будзе пакатацца?
– Скейтборд, ВМХ, ролікі, самакат, а яшчэ тут будуць трэніравацца трэйсеры, для іх таксама ёсць адмысловыя будоўлі. Я сам займаюся графіці. Катаўся на дошцы раней, але зараз мне больш падабаецца маляваць.
Пакуль на пляцоўцы немагчыма паўнавартасна займацца. Але нават зараз моладзь прыходзіць пад мост са скейтбордамі, роварамі і тэстуе канструкцыі парку.
Афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 20 верасня. Час пакуль дакладна не вызначаны, але хлопцы паабяццалі карэспандэнту “Твайго Стылю”, што удзельнікаў адкрыцця чакае яскравае мерапрыемства, якое будзе доўжыцца ўвесь вечар.
Фота: Твой Стыль