Сёння пачынаецца новы сезон гарадзенскай “Мовы Нанова”
МОВАНАНОВА — бясплатныя курсы беларускай мовы, якія існуюць са студзеня 2014 года і карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод людзей рознага ўзросту.
Назву курсаў іх заснавальнікі тлумачаць проста: многія беларусы кажуць, што беларуская — іх родная мова. Пры гэтым не зусім добра ці зусім нядобра ведаюць яе.
Гэтае словазлучэнне “родная мова” вельмі часта ўводзіць у зман нас саміх. Час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову нанова!
На думку стваральнікаў курсаў, гісторыя ведае прыклады, калі народ адраджаў паўзабытую мову і гэтыя прыклады натхняюць.
Канцэпцыя курсаў — неакадэмічнае вывучэнне мовы, з дапамогай інтэрактыўных метадаў навучання.
У мінулым сезоне заняткі “Мовы Нанова” у Гродне наведала некалькі сотняў чалавек.