Дапамажы ў дапамозе

|

Мая сустрэча з валанцёрам з-за мяжы адбылася ў цэнтры Гродзенскага Чырвонага крыжа, і ўжо першыя хвіліны знаёмства мяне ўразілі. Такую актыўнасць, узаемную дапамогу, цікавасць і ветлівасць даўно не бачыла: хтосьці дамаўляецца аб сустрэчы са сталым насельніцтвам, нехта выбягае сустракаць валанцёраў з вобласці, а хтосьці у гэты час усім рыхтуе гарбату.

>

Мэтай паездкі маяго суразмоўцы ў Гродна было высвятленне стану сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў:

– Я наведваю такія сем’і, таму што з’яўляюся даверанай асобай і проста валанцёрам, і павінен высвятліць, чым мы можам дапамагчы ім. Мы наведалі 17 сем’яў, я зрабіў шмат фота і гэта будзе вельмі карысна для нашай каманды ў Вене.

Вынікі візіту падведзеныя 16 ліпеня ў галоўным офісе ў Мінску.

Пры дапамозе Аўстрыйскага Чырвонага крыжа ў Гродна быў адчынены дзённы цэнтр для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Два разы на тыдзень дзеці змогуць бачыцца не толькі адзін з адным, але і з валанцёрамі, са здаровымі дзецьмі, што вельмі важна для псіхалагічнага здароўя. Гэта таксама дазволіць бацькам дзяцей мець трошкі больш вольнага часу.

Арганізавана мабільная брыгада, якая павінна значна паўплываць на жыццё дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі: будуць ладзіццы выязды «на дом» і аказанне неабходнай дапамогі.

У свае 67 год Абенсберг унд Траўн дзівіць актыўнасцю, ідэямі, жаданнем дапамагаць людзям не толькі ў межах сваёй краіны.

– Я рады, што магу працаваць з калегамі тут, у Гродна, таму што яны ўсе маладыя. А крэатыўныя ідэі і новыя падыходы да рашэння праблем зыходзяць у асноўным ад моладзі. Я ў захапленні! У Беларусі вельмі моцная арганізацыя, дысцыплінаваная. Значна дапамагае дзяржава. У нас яна таксама дапамагае, але…(засмяяўся і змяніў тэму).

Насамрэч, у Аўстрыі шмат прыватных арганізацый. Здзівіла госця тое, што хуткая медыцынская дапамога ў Беларусі з’яўляецца дзяржаўнай, у адрозненні ад Аўстрыі.

Абенсберг унд Траўн мае досвед працы з Расіяй. У Калінінградзе пры дапамозе Аўстрыйскага Чырвонага крыжа быў пабудаваны цэнтр для дзяцей-сірот з анкалагічнымі захворваннямі.

Для параўнання, валанцёраў Чырвонага крыжа ў Аўстрыі каля 48 тысяч, на тэрыторыі Гродна і вобласці – каля 1000 валанцёраў. Зразумела, што іх дапамога што за мяжой, што ў нашай краіне заахвочваецца толькі добрым словам і падзякай.

Гродзенская абласная грамадская арганізацыя Чырвонага крыжа запрашае ўсіх жадаючых дапамагчы, падтрымаць, прыняць удзел у валанцёрскай дзейнасці. Напрыклад, мяне уразіла акцыя, якая адбывалася па ўсіх ЗАГСах Беларусі: маладыя звярталіся да гасцей на вяселлі, каб замест (ці адразу) падарункаў былі ўручаны мяккія цацкі. Усе гэтыя цацкі былі адпраўлены дзецям хворым на СНІД.

Чалавека, які ніколі не прымаў удзелу ў падобных мерапрыемствах (мяне, напрыклад) многае здзіўляе. Але пасля суразмовы з неабыякавымі людзьмі, пасля знаёмства з іх намерамі і імкненнямі, я планую стаць валанцёрам… Абенсберг унд Траун кажа на гэты конт:

– Я не ганарлівы чалавек, я не магу не дапамагаць людзям, якія жывуць у нястачы. Раней я працаваў банкірам, спецыялістам па знешнім гандлі. Пабываў у Нігерыі, убачыў розныя лёсы і праблемы людзей. Зараз я выкарыстоўваю ўсе магчымасці і ўсе сувязі, каб прыцягнуць як мага больш матэрыяльнай і нематэрыяльнай дапамогі. На пытанне: «Ці вернецеся яшчэ ў Гродна? », Абенсберг унд Траўн адказаў : «Несумненна! Хворым людзям практычна немагчыма знайсці працу, таму вялікая надзея ўскладзеная на нас. А калі даеш надзею, нельга пакінуць чалавека… Мэтай сёлетняга восеньскага візіту будзе кантроль дасягненняў дзённага цэнтру, наведванне новых сем’яў і новая дапамога людзям, набыццё неабходнага абсталявання для лячэння.

Удзельнікі арганізацыі Гродзенскага Чырвонага крыжа далі мянушку сваім калегам з Аўстрыі – «пілоты», бо арганізацыя вельмі дасведчаная, актыўна існуе ўжо больш за 130 гадоў. Беларускі «крыж» малодшы аўстрыйскага на 45 гадоў. 

Фота аўтара