Твар беларускага contemporary: гарадзенская танцавальная кампанія “Naчalo”
Пра сучасны танец без “загрузу” і класікі пойдзе гаворка пад час чарговага мерапрыемства ў рамках серыі сустрэч, прысвечаных гарадской культуры Гродна. Сустрэча з танцавальнай кампаніяй “Naчalo” пройдзе 18 кастрычніка ў студыі ёгі “Сансара” (вул. 1 мая, 7, 4 паверх, к. 32). Пачатак у 17.00.
Макі – гэта думкі ў нашай галаве
Аб чым спектакль “Макі растуць у галаве”?
Дана: Там некалькі тэмаў: тэма кахання, тэма неразумення грамадствам некаторых асобаў, тэма радасці – напрыклад, я танчыла з апельсінам і цешылася, а ўсе вакол не разумелі маёй радасці, тэма горада… Калі казаць пра задуму харэографа (Наста Рэбкала –аўт.), то мак, паводле яе, гэта прыгожая, але не доўгатрывалая кветка. Гэта адначасова і думкі ў нашай галаве.
Дар’я: Сціплыя думкі пра жыццё і пра каханне ад асобы маку. Гэта творчыя развагі пра наваколле.
Яўгенія: Паводле харэографа, макі – гэта дзіўныя неардынарныя людзі. Бо ружы – прыгожыя дзяўчаты, смелыя і ўпэўненыя. Макі – іншыя… Мажліва, гэта нават асэнсаванне сябе аўтаркай. Дарэчы, з гэтай пастановай Наста паступіла ў вучэльню Ваганава ў Піцеры – гэта была яе ўступная праца.
Вы кажаце пра каханне і пачуцці, а ці мае сучасны танец кранаць сацыяльныя тэмы?
Яўгенія: Мастацтва жыве толькі тады, калі адлюстроўвае праблемы, якія ёсць тут і зараз. Нават у “Маках”: шмат дзяўчат і адзін хлопец – гэта рэальная праблема, гэта Беларусь! (дзяўчаты смяюцца) Мне падабаецца мастацтва, якое ставіць пытанне, чапляе, то бок не мёртвая класіка. Часам у нас не хапае вастрыні і смелых мастакоў, якія маглі б заявіць пра нешта.
Дана: Мне падаецца, што ў “Маках” Наста паказала праблему, але не заглыбілася ў яе. Бо ў “кантэмпе” вельмі часта бываюць песімістычныя настроі і гэта рэальна “грузіць”. Яна паказала гэта лёгка.
Бацькі кажуць: “Зноўку твае танцы незразумелыя”
Вы сутыкаецеся з тым, што ваша мастацтва не разумеюць?
Дар’я: Бывае. Часам нават хочацца ў сваю працу дадаць трошкі абсурду, а ў людзей ад гэтага выбухаюць мазгі. Напрыклад, у нашай пастанове быў апельсін, а людзі не разумеюць: “Чаму апельсін?” А нам проста так захацелася! Нават бацькі, калі прыходзяць, часта кажуць: “Зноўку твае танцы незразумелыя…”
Дана: Сястра тая ж разумее, а з бацькамі цяжэй. “Так, – кажуць, – мая дачка танчыць, прыгожа…” Але сутнасці яны не разумеюць. Справа ў пакаленнях, я лічу. Таксама і ў адукаванасці, цікаўнасці да філасофіі, псіхалогіі, унутранай ступені развіцця. Тады чалавеку будзе цікава не толькі глядзець на прыгожыя ножкі, але і шукаць змест.
Яўгенія: Сучаснае мастацтва – адноснае, ступень яго разумення залежыць толькі ад цябе. Я магу глядзець на карціны, мне падабаецца, але я магу не разумець да канца, што ў іх уклаў мастак. Мне трэба пачытаць літаратуру, дарасці… Тое ж і з танцам. Памылка некаторых у тым, што яны адмаўляюць, не зразумеўшы. Часам важна нават не зразумець, а адчуць: якія стрункі тваёй душы закрануў той ці іншы твор? Таму пасля пастановаў варта рабіць абмеркаванні. Тэатр – гэта не кіно, ён жывы, ён змяняецца, кожны раз адбываецца па новай.
Авечкі, пена і …карупцыя
Як вы выбіраеце тэмы для пастановаў? Тая ж класіка – гэта заўжды нудна і нецікава?
Яўгенія: Возьмем нашы тэатры – яны працуюць па класічнай схеме. Яны не выходзяць на вуліцы, не ствараюць відовішча, рэжысёр не ставіць сябе ў нязручныя сітуацыі, якія б яго выпрабоўвалі – усё ідзе “па накатанай”. Працуючы ў тэатры, я бачу лінейны шлях, а хочацца чагосці іншага.
Дар’я: Па рэпертуары – часта нам прапаноўваюць праекты, а мы ўжо думаем, як іх абыграць, знайсці крэатыў. Напрыклад, на 100-годдзе мясакамбінату (усміхаецца), мы меліся выступіць у Драматычным тэатры на вельмі папсовым канэрце: там ім дарылі авечак, была спявачка, на якую сыпалася пена… трэш! (дзяўчаты смяюцца)
Нас запрасіла фірма, якая рабіла пакункі для каўбасаў, таму мы разгарнулі цэлую гісторыю пад назвай “Рух наперад”, дзе паказалі эвалюцыю пакунка: ад першабытнасці да нашых дзён. Самае вясёлае, што ў канцы ў нас фігуравала на сцэне шмат чэмаданаў, якія перадавалі адно аднаму “сучасныя людзі”. А чыноўнікі ў зале расцанілі гэта як метафару карупцыі!
Дана: Іншым разам нас папрасілі нешта зрабіць на байк-фэст – так узніклі цені. Мы не любім сэксуальную харэаграфію, але мусіла быць эфектна. Так нарадзілася гісторыя пра падарожжа байкера па розных краінах у выкананні ценяў.
Беларускі “кантэмп” – загрузны і маўклівы
У беларускага сучаснага танцу ёсць нацыянальны твар?
Дар’я: Мы акурат ездзілі ў Менск на “тусоўку” беларускага моладзевага “кантэмпу”. Мы былі не толькі ўдзельнікамі, але яшчэ і гледачамі. Традыцыйная рыса амаль ва ўсіх: трэба пастаяць і памаўчаць з мёртвым поглядам, маўляў, унутры ў цябе шмат чаго адбываецца, але звонку гэтага не бачна. Самае сумнае, што ў людзей быў пасля гэтага “загруз”. Не хапае гумару, сарказму, размаітасці. У музычных гуртах гэта ўжо ёсць, у сучасным танцы – вельмі мала. Нават мы, мабыць, не выключэнне. Беларускі моладзевы “кантэмп” – загрузны і маўклівы.
Яўгенія: З іншага боку “загруз” – агульнаеўрапейская тэндэнцыя. Напрыклад, мы былі нядаўна ў Эстоніі на міжнародным фестывалі і бачылі, што калектывы адмаўляюцца ад танцу – распранаюцца, ламаюць нешта на сцэне. Там прыняты індывідуальны стыль, а ў нас людзі часта чапляюцца за школы, спрабуюць авалодаць нечым. Гэта маё адчуванне.
А чаму менавіта беларускі “кантэмп” сумуе?
Яўгенія: А чаго радавацца ў Беларусі? (смяецца) Мы ж не ў Італіі, дзе сонца…
Дана: Сум лягчэй паказаць у “кантэмпе”. Гэта ж не хіп-хоп.
Ёсць людзі, якія не могуць глядзець на голых мужыкоў!
Два тэатры ў Горадні – гэта шмат ці не?
Дар’я: Каб нас туды толькі пускалі… Мы спрабавалі неяк прывезці Скварцова ў драматычны тэатр. Нам адмовілі, маўляў, “білеты не прададуцца, бо пра вас ніхто не ведае”. Шоў-балет “Искушение” з Пецярбурга, дзе танчаць голыя мужыкі, “можа сабраць публіку, а вы – не,” – дырэктар прывёў такі прыклад.
Ёсць масавае мастацтва, а ёсць элітарнае, мы гэта разумеем. Але ж ёсць людзі, якія не могуць глядзець на голых мужыкоў! І куды ім ісці? Для іх таксама мае быць тэатр і пляцоўка. Кожны мае атрымліваць ад мастацтва тое, што ён хоча. Зараз прэзідэнт кажа, што тэатры маюць самі сябе акупаць. Але гэта смешна! Мастацтва не паклікана зарабляць камерцыйным, яно існуе не для гэтага. Інакш будзе толькі мас-культура і папса.
Дана: …А ў лялечным тэатры нам тады далі пляцоўку з умовай, што калі мы не збярэм зал, з намі ніхто больш не будзе супрацоўнічаць. Мы пастараліся і ў выніку быў аншлаг.
Ідзе дождж – а ты танчыш, снег – а ты танчыш…
А вуліца можа быць для вас пляцоўкай?
Яўгенія: Вуліцу мы вельмі любім. Вельмі хацелася б хаця б раз на месяц рабіць у старой частцы Горадні вулічны спектакль. Не дыскатэку, а міні-перформанс, мажліва майстар-клас.
Але гэта толькі на вясну-лета?
Яўгенія: Не, акурат сутнасць у тым, што ідзе дождж – а ты танчыш, снег – а ты танчыш!
Дана: Гэта вельмі патрэбна, я лічу. Бо людзі звыкліся жыць у сваім кокане і не бачыць свету навокал.
А чаму традыцыйныя тэатры не выходзяць на вуліцу?
Яўгенія: Рэдка, але выходзяць. Напрыклад, у Старым Замку ставіўся “Макбет”. Але гэта цяжка – у тым ліку тэхнічна. Трэба выносіць шмат абсталявання, нехта мае гэтым займацца… Калі мы паказвалі тэатр ценяў у цэнтры горада, побач нават не выключылі ліхтары, хоць мы і прасілі! У выніку было наслаенне ценяў, эфект згубіўся.
Дана: Прычына яшчэ і ў адсутнасці маладых рэжысёраў. Усе заслужаныя, салідныя і не хочуць займацца нечым сучасным. Пастановы, якія ўжо ідуць у тэатрах, там і жывуць – калі іх выпусціць вонкі, яны згубяцца. Таму патрэбна нешта новае.
Фідбэк лепшы за гучныя, але пустыя кампліменты
Як для вас выглядае ўдзячнасць публікі?
Дар’я: Мне прыемна, калі людзі пачынаюць хоць троху разбірацца. Я вяду заняткі ў дзяцей і да мяне неяк падышоў нехта з бацькоў. Я думаю – зараз пачнецца: “Вы такія класныя, шыкоўныя…”. А ён кажа: “Я глядзеў “Макі”, нічога не зразумеў, але адчуў – мне спадабалася. У вас быў сюжэт, а ў тых, хто выступаў пасля – не”. Павінен быць фідбэк ад гледача – гэта і ёсць прызнанасць. Глядач таксама мае цябе ўзбагачаць сваёй ацэнкай.
Дана: Муж маёй сяброўкі неяк таксама зайшоў на “Макі”, ён не цікавіцца тэатрам і культурай наогул. Але пасля запытаўся: “А дзе вас можна паглядзець яшчэ?” Гэта лепш за гучныя, але пустыя кампліменты.
Фота Хрысціны Марчук і кампаніі “Naчalo”