Прэзентацыю кнігі Віктара Марціновіча “Мова 墨瓦” у Гродне сарвала міліцыя, ідэолагі і пажарныя

|

Прэзентацыя новага рамана Віктара Марціновіча мела прайсці ў Парафіяльным цэнтры парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне.

 

Але Марціновіч нават не паспеў перайсці да размовы пра кнігу, толькі расказаў пра сябе і выказаў кампліменты гораду, як з’явіўся міліцыянт і адвёў пісьменніка ў іншы пакой.

 

У цэнтр завіталі таксама супрацоўнікі гарвыканкама і МНС. Прэзентацыя была сарваная.

 

Прадстаўнік МНС склаў пратакол аб парушэнні правіл бяспекі. Маўляў, будынак яшчэ не здадзены канчаткова. Міліцыянты склалі пратаколы апытанняў айца Андрэя Крата, Марціновіча і Лазоўскага.

Потым супрацоўнікі дзяржструктур сказалі, што будуць даваць юрыдычную ацэнку таму, што адбылося ў цэнтры: ці маюць арганізатары права праводзіць такія мерапрыемствы, ці могуць праводзіць у такім памяшканні.

Разбіральніцтва на месцы доўжылася каля 40 хвілін. Некаторыя наведвальнікі, зразумеўшы, што прэзентацыі не будзе, ужо паспелі разыйсціся. 

 

Да тых хто застаўся звярнуўся Андрэй Ярашэвіч – кіраўнік сектара ідэалагічнай працы Гродзенскага гарвыканкама, які папрасіў усіх разыходзіцца.

 

Нейкая жанчына папрасіла: “Дайце пісьменніку хаця б 10 хвілін, чалавек здалёк прыехаў”.

 

Такім чынам, прыхільнікі атрымалі 10 хвілін на расказ пра “Мову” і столькі ж на аўтограф-сэсію. Ярашэвіч прысутнічаў пры размове.

Пісьменнік, нягледзячы на прыгнечаны настрой, трымаўся годна. На просьбу пракаментаваць тое, што адбываецца, ён сказаў: “Гэта дзікунства! Я быў у літаратурным туры па Германіі, і кожны дзень чытаў там перад поўнай залай. І я прыехаў на Радзіму на пяць дзень, а тут мяне так сустракаюць. Такога не было з “Паранояй”, такога не было са “Сфагнумам”, які мы баяліся выдаваць у папяровай версіі. А тут бяскрыўдны роман, дзе няма палітыкі”.

 

“Сённяшнюю падзею я ўспрымаю як лакальны, вельмі балючы і вельмі крыўдны перагіб з боку гарадзенскіх уладаў. Асабліва крыўдна яшчэ і таму, што менавіта сёння прэзідэнт сустракаўся з пісьменнікамі, у тым ліку і з тых саюзаў, чальцом якіх я з’яўляюся. Мне здаецца, ён павінен даць каментар: вы забараняеце беларускую літаратуру, ці вы падтрымліваеце і прапагандуеце яе?”

 

Дарэчы, Віктар Марціновіч нарадзіўся ў Ашмянах, лічыць сябе “ў нейкім сэнсе гарадзенцам”, таму для яго быў удвайне крыўдны зрыў прэзентацыі.