Гарадзенскія лялечнікі выступілі на фестывалі ў Маскве

|

Для гарадзенцаў сітуацыя блізкасці да актораў стала звыклай і зразумелай – такую камернасць і блізкасць да актораў яны маглі адчуваць падчас праглядаў “Пікавай дамы” ці “Фаўста” у Гродне; а тут многія гледачы былі здзіўлены, калі іх невялікімі групкамі праводзілі праз тэатральныя паўцёмныя калідоры, міма звыклага ўваходу ў залу для гледачоў, на сцэну, прапаноўвалі заняць месцы на растаўленых паўколам крэслах.

Адметнай рысаю гэтага фэста з’яўляецца тое, што у ім бяруць удзел спектаклі па творах ангельскіх аўтараў, а з 1 па 6 лістапада ішлі толькі лепшыя спектаклі па п’есах Шэкспіра.

Тое, што гарадзенцы абралі для паказу менавіта “Трагедыю пра Макбета”, не дзіва – спектакль ужо браў удзел у 11 Міжнародных фестывалях і мае 14 дыпломаў і ўзнагарод.

“Мы і раней прыяждалі ў Маскву на фестывалі, ігралі, у прыватнасці на сцэне тэатра Абразцова, а менавіта на гэты фестываль прыехалі ўпершыню”, – распавёў па сканчэнні спектакля Алег Жугжда, аўтар сцэнаграфіі, харэаграфіі, пастаноўкі і касцюмаў спектакля. Ён таксама бярэ ўдзел у спектаклі ў якасці актора.

 

На пытанні адносна адрознасці маскоўскай і гарадзенскай публікі акторы ўсміхаюцца.

“Канечне, адрозніваецца. Публіка заўсёды розная… але наша – найлепшая” – зазначае Ларыса Мікуліч.

І мне цяжка з ёй не пагадзіцца, бо і я сябе залічваю ў суполку гарадзенскіх аматараў тэатра і з прыемнасцю адзначаю сваю прыналежнасць да лепшай часткі чалавецтва – гарадзенскай тэатральнай публікі.

Што тычыцца меркавання гледачоў, то аказалася, што прыйшлі паглядзець спектакль не толькі “простыя масквічы”, але і калегі-прафесіяналы – артысты і мастакі маскоўскіх тэатраў.

Менавіта гэта высветлілася, калі я звярнулася да групкі моладзі, якая актыўна абмяркоўвала спектакль у файе.

 

“Я Ліза, мастак-лялечнік, – прадставілася адна з дзяўчат, – адмыслова прыйшла паглядзець на гарадзенскія лялькі. Мне яны вельмі спадабаліся. І самі лялькі, і тое, як акторы з імі зжываліся, зліваліся ў адно цэлае. Гэта была дэманстрацыя вельмі добрай працы – актораў, мастакоў, скульптараў”.

“Мне спадабалася, як выкарыстаны ідэі шэкспіраўскага тэатра “Глобус” у пастаноўцы гарадзенцаў, – сказаў Максім, актор аднаго з тэатраў Масквы, – раней жа тэатр існаваў у асноўным у падарожжах, ігралі часам проста на вуліцы, і тут на сцэне пясок, па яму ходзяць, з ім гуляюць акторы…

 

Светлавое афармленне таксама спадабалася. А яшчэ цікава было параўноўваць з самім “Глобусам”, які ў гэтым годзе меў гастролі ў Маскве”.

Расказваць жа у артыкуле пра сам спектакль хіба няма сэнсу: гарадзенцы маюць шанец паглядзець яго у хатняй атмасферы на роднай сцэне.

 

Фота і відэа аўтара