Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў улады Гарадзеншчыны. За што?

|

За факты карупцыі

Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладаў крымінальныя справы ў дачыненні да старшыні Іў’еўскага райвыканкаму, начальніка падатковай інспекцыі Ашмянскага раёну, затрыманне ў час атрымання хабару начальніка зямельнай службы Гарадзенскага гарвыканкаму.

 

За запавольванне эканомікі

Прэзідэнт таксама выказаў незадавальнене запаволеннем тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці.

 

“Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры назначэнні Уладзіміра Краўцова старшынёй Гродзенскага аблвыканкама была дамоўленасць: пасля таго як ён увойдзе ў курс спраў і асвоіцца на новым месцы, адбудзецца грунтоўная размова аб задачах і перспектывах развіцця рэгіёна.

 

“Гродзеншчына ў нашай краіне на асаблівым рахунку, і я пастаянна стаўлю яе ў прыклад, – падкрэсліў Прэзідэнт. – У ёй актыўна вядзецца мадэрнізацыя многіх прамысловых і сельгаспрадпрыемстваў.

 

Вобласць з’яўляецца адным з лідараў у вытворчасці малака, мяса, збожжавых культур. Удзельная вага рэгіёна ў валавым унутраным прадукце краіны складае 8,5 працэнта, сельскагаспадарчай вытворчасці – больш як 16 працэнтаў.

 

Аднак апошнім часам выклікае занепакоенасць запаволенне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці” – перадае БЕЛТА.

 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў 10 з 17 раёнаў вобласці наогул няма прыросту вытворчасці, а Гродзенскі, Лідскі і Слонімскі раёны не выходзяць нават на мінулагодні ўзровень.

 

За прыпіскі, бо гэта не па-гарадзенску

Яшчэ адной нагодай для незадаволенасці прэзідэнта сталі факты прыпісак на прадпрыемствах:

– “На Лідскім заводзе электравырабаў скрылі ад уліку гатовай прадукцыі амаль на Br7,5 млрд. У Гродзенскім “Белдругаспалімеры” знізілі кошт запасаў да нарматыву толькі на паперы. Скажыце, каму трэба гэта ашуканства? Гэта наогул не гродзенскі стыль” – цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

 

За слабую працу з суседзямі: шмат шуму, а дзе вынікі?

Дасталося гарадзенскім уладам таксама за недастаткова актыўную працу па прыцягненні інвестыцый з краін Еўразвязу:

 

– “Кожны год праводзіце нейкія інвестыцыйныя форумы, шмат шуму ў прэсе. Гэта правільна. А дзе вынік? У вас павінны быць польскія і літоўскія прамыя інвестыцыі, а не чаўнакі, якія шмыгаюць туды і назад праз граніцу”, – цытуе прэзідэнта БЕЛТА.

 

За спекулянтаў і “прадпрыймальнікаў”

У час візіта Лукашэнкі ў Гродна была ўзнятая і папулярная зараз тэма барацьбы з “гультаямі”.

Паводле Лукашэнкі, амаль трэць насельніцтва ў прыгранічных раёнах нідзе толкам не працуе і жыве за кошт паездак у суседнія краіны Еўропы.

 

– “Куды гэта варта, што мы параджаем? Пакаленне спекулянтаў, якое плодзіць ценявую эканоміку? Ад такіх “прадпрымальнікаў” добрых інвестыцый не дачакаешся”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы” – адзначае БЕЛТА.