Мадэлі зарабляюць добра, але толькі не ў Беларусi

|

Яраслаў у мадэльным бізнесе не так даўно, але за кароткі час паспеў “засвяціцца” не толькі ў Гродне, але і ў Расіі.

 

Пры гэтым нашаму герою даводзіцца працаваць… пчаляром, каб б мець грошы на жыццё, бо мадэльны бізнэс у Беларусі не прыносіць жаданых прыбыткаў.

 

З Яраславам мы сустрэліся пасля чарговага паказу Фэшн Шоу, у якім наш герой браў непасрэдны ўдзел.

 

– Яраслаў, як даўно ты ў мадэльным бізнесе?

 

– Напэўна з 2013 года, калі ўзяў удзел у “Гродна Фэшн Шоу”, дзе рэкламаваў гарадзенскія і мінскія брэндавыя калекцыі.

 

Затым мне прапанавалі ўдасканальваць мастацтва дэфіле і харэаграфіі ў студыі моды Сяргея Нагорнага. Дзе, уласна, і цяпер вучуся.

 

– Якія патрабаванні выстаўляюцца да мадэлі?


– Для розных тыпажоў неабходны адпаведныя якасці, кожная мадэль павінна мець “разынку”.

 

Вядома, пажаданая наяўнасць прыгажосці, харызмы і фізічных дадзеных. У прыватнасці, для мадэльераў дэманстратараў неабходна захапляльна паднесці сябе аўдыторыі.

 

Таму важна мець добрую пластыку, схільнасць да неадназначных учынкаў, эмацыйнасць, а таксама правакацыйная харызма.

 

– Ну а чым ты прыцягнуў увагу на кастынгу?


– Напэўна, няправільна казаць пра сябе. Лепш распавяду аб момантах, якія, магчыма, дадуць адказ на гэтае пытанне.

 

У самы першы раз, калі прыйшоў на рэпетыцыю, прыйшлося пачуць ад нашага харэографа – паважанай Таццяны Алегаўны:

– «Ой які прыгожы хлопчык. А хто Вы?»

 

Давялося тлумачыць, што я прыйшоў на рэпетыцыю для тых, хто прайшоў кастынг. Праз год яна спытала

 

– «Ты заўсёды ўсміхаешся? Нават калі спіш?». Яна заўсёды кажа, што маё галоўная перавага –  гэта твар. Гэта шалёна прыемна!

 

Пра прыгожую усмешку даводзілася чуць і ад мадэляў, стылістаў і дызайнераў, з якімі даводзілася знаёміцца.

 

Ну і, магчыма, цела – хлопцы заўсёды пытаюцца, як я яго трэнірую.

– І як?


– Як толькі прачынаюся – без дыхання і кіслароду адціскаюся 50 разоў вузкім хватам, кулакамі ад прэса.

 

Затым глыбокімі ўдыхамі гранічна хутка больш за 100 разоў, а затым некалькі мадыфікацый ўпора лежачы.

 

Пасля расцягваю пры глыбокім дыханні ўсе групы мышцаў і качаю ногі прысяданнямі на адной назе і бегам на месцы.

 

Затым на чарзе практыкаванні на турніках ў рознабаковых палажэннях і разнастайнымі хватамi.

 

Пасля абеду ў час будзённых справаў трэнірую цела напругай ўсіх груп мышц і глыбокім дыханнем па распрацаванай методыцы.

 

Увечары футбольная трэніроўка і зноў турнікі.  Здараецца, разам з сябрамі працуем з “жалезам” у спартзале.

– Ты яшчэ і ў футбол паспяваеш гуляць?


– Так, трэніруюся з футбольным клубам з Другой лігі.

 

Вядома, не заўсёды атрымліваецца з імі, тады ўжо на дапамогу прыходзяць сябры, бегаю з імі. Бывае ў тыдзень па разы тры.

 

– А за кошт чаго жывеш?

 

– Я вучыўся ў каледжы толькі дзеля правоў на аўтамабіль, выдатна ўсведамляючы бесперспектыўнасць здабыцця самай прэстыжнай спецыяльнасці электрагазазваршчыка.

 

Прайшоў вымушаную “адпрацоўку”. Працаваць доўга не атрымалася, бо ўсюды патрэбен быў досвед працы.

 

Затым зразумеў, што гэта не маё і стаў шукаць іншае…

 

Пайшоў да дзядзькі і стаў вучыцца ў яго пчалярству, адначасова асвойваючы мадэльны бізнес.

 

У кожную пару года пчолы апыляюць асобныя віды раслін, я ў абмен на сіроп мяняю ў іх рамачкі з мёдам і вязу іх на адпампоўку.

 

Вельмі клопатная скрупулёзная здабыча прапалісу і пяргі. Вельмі цяжка і прыходзіцца ламаць медагонку і соты.

 

І самае сумнае, што ад такога канцэнтраванага і ўзбагачанага мёду фізіялогія пчол не вытрымлівае і яны гінуць.

 

Вось на гэтым і зарабляю сабе на жыццё.

– У чым заключаюцца праблемы нашага мадэльнага бізнесу? Чаму маладыя, прыгожыя і таленавітыя людзі вымушаныя ехаць за мяжу, што б атрымаць добрыя грошы?


– Усё стандартна, як і ў любой іншай галіне: адсутнасць самаакупнасці, неразвітая інфраструктура, адсутнасць рынку і запатрабаванасці, слабыя брэнды, некампетэнтныя агенствы, неразвітая галіна.

 

Але, ведаеце, у нас ёсць будучыня, нам ёсць куды развівацца… У нас вельмі шмат таленавітых людзей. І я спадзяюся, што ў будучыні нам не трэба будзе працаваць на іншых працах і прыходзіць пасля працы на паказы.

– А табе паступалі нейкія небудзь прапановы наконт працы за мяжой?


– Запрашалі на розныя выставы гарадскога маштабу і шэраг маскоўскіх агенцтваў для супрацоўніцтва.

 

Ад замежных партнёраў ўсе прапановы толькі на словах, хацелася б нечага большага. Але, на дадзены момант, мне шалёна прыемна было б папрацаваць у салоне прыгажосці, які рабіў нам макіяж і прычоскі.

 

– Ці магчыма стала займацца дэманстрацыяй на прафесійным узроўні?


– У тэорыі магчыма! Рэнтабельнасць падобнай дзейнасці выглядае актуальнай у рэгіёне з вялікай канцэнтрацыяй брэндаў. Вядома, у Беларусі падобнай карціны няма.

 

Але ў саюзе з рэкламадаўцамі і піяр агентамі можна сёе-тое і змяніць. Тады можна і на гэтым нядрэнныя грошы зарабляць.

– Дык значыць нашаму мадэльнаму бізнесу ёсць куды развівацца?


– Для таго, каб развівацца, неабходна для пачатку зарадзіцца. З’явіцца структура, з’явіцца і развіццё.

 

Вядома, прадзюсары, якія гэтым займаюцца, вялікія малайцы! З’явіцца больш такіх людзей – з’явіцца і бізнес.

 

У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі асабістага архіву Яраслава