Прэзентацыя “Постацей” пераносіцца, бо гарадзенскія ўлады не дазволілі праводзіць яе ў бібліятэцы
Лепшае месца для прэзентацыі такога праекта, як “Постаці” – бібліятэка. Тым больш, нядаўна акурат у гэтым самым месцы праходзіў круглы стол па тэме “Культурныя здабыткі Гродна”. На ім, між іншым, расказвалі і пра іншы наш відэапраект – “Музыку гарадзенскіх вуліц”. Ніякіх праблем гэта не выклікала. Ды і першыя “Постаці” безпраблемна прэзентаваліся акурат у бібліятэцы, толькі ў абласной. Героі абодвух частак праекта – вядомыя людзі і ў бібліятэках не раз бывалі ў якасці запрошаных гасцей. У рэшце рэшт, бібліятэкі самі вельмі зацікаўленыя ў такіх падзеях.
Але, пабачыўшы ў інтэрнэце абвесткі пра прэзентацыю праекта “Постаці 2”, гарадскія ўлады занепакоіліся і вырашылі не дазваляць імпрэзу. Такім чынам, улады “Культурнай сталіцы 2014” фактычна без прычын сарвалі мерапрыемства.
Паколькі прыстойнае і дастаткова вялікае памяшканне знайсці ў Гродне за кароткі час няпроста, прэзентацыю было вырашана адмяніць і перанесці на іншы дзень. Пакуль што новая дата і месца яшчэ не вызначаны. Даведацца пра будучую прэзентацыю можна будзе з абвестак на “Тваім стылі” і ў сацсетках.
***
Праект “Постаці” гэта серыя відэаінтэрв’ю з культурнымі і грамадскімі дзеячамі Заходняй Беларусі, якія зрабілі вялікі ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай гісторыі і культуры. Дыск “Постаці 2” выйшаў у пачатку лістапада, ён змяшчае 13 відэаінтэрв’ю. Сярод герояў ёсць вядомыя не толькі на Гарадзеншчыне, але ў Беларусі і за яе межамі паэтка Данута Бічэль, акцёр і бард Віктар Шалкевіч, галоўны рэжысёр тэатра лялек Алег Жугжда, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, гісторык Алесь Краўцэвіч і многія іншыя постаці беларускага культурніцка-грамадскага жыцця. Дыск адрасаваны ўсім, хто цікавіцца культурай і гісторыяй свайго рэгіёна, краіны, захаваннем нацыянальнай спадчыны беларускага народа.