Ігар Тарасаўс адпраўляецца ў беластоцкую «Ягелонію» (абноўлена)

Галоўны трэнер беластоцкай каманды Міхал Пробеж (Michał Probierz) адзначыў: “Гэта добры цэнтральны абаронца, здольны гуляць на пазіцыі, якая патрабуе ўмацавання”.

 

Тарасаўс падпісаў з польскім клубам аднагадовы кантракт з магчымасцю падаўжэння яшчэ на два сезоны.

 

У сёлетнім чэмпіянаце Беларусі паўабаронца правёў за “Нёман” 27 матчаў, у якіх забіў 1 гол і аддаў 1 галявую перадачу.

Перад ад’ездам у Польшчу Ігар са сваёй сям’ёй заклікаў гарадзенцаў падтрымаць “Нёман” у апошняй гульні сезона


Асабліва ўражлівым атрымаўся дэбют Тарасаўса за “Нёман” – менавіта яго трапны ўдар прынёс гарадзенцам перамогу над БАТЭ ў сакавіцкім матчы Кубка Беларусі.

 

Раней таксама паведамлялася пра цікавасць з боку “Ягелоніі” да яшчэ аднаго хаўбека “Нёмана” Паўла Савіцкага. Паўабаронца мог перайсці ў мінскае “Дынама”, аднак клуб адмовіўся ад набыцця гарадзенца. Палякі не губляюць шанцу займець Савіцкага. Той таксама не супраць перабрацца ў Польшчу.

 

Апынуцца ў Беластоку можа і лепшы стралец “Нёмана” у гэтым сезоне Ягор Зубовіч. Тэрмін яго арэнды гарадзенцамі ў… “Ягелоніі” мінае, і не выключана, што палякі дадуць Зубовічу яшчэ адзін шанс замацавацца ў асноўным складзе беластоцкай каманды.

 

У сёлетнім чэмпіянаце Польшчы “Ягелонія” ідзе пакуль 5-1, адстаючы на 5 ачкоў ад лідара – варшаўскай “Легіі”.

 

Беластоцкая і гарадзенская каманды даўно сябруюць паміж сабой і амаль кожны год праводзяць таварыскія сустрэчы.

Апошняя з іх, згуляная ў Беластоку, скончылася ўнічыю 0-0. Удзел у ёй браў і Тарасаўс (на здымку вышэй змагаецца супраць сваіх будучых аднаклубнікаў).

 

Магчыма, менавіта тады яго і прыкмецілі трэнеры “Ягелоніі”.

 

Перад ад’ездам з Гродна Ігара чакаў прыемны сюрпрыз.

Пасля сустрэчы з “Белшынай”, якая адбылася 29 лістапада, гарадзенскія заўзятары прызналі яго лепшым гульцом сезона і падаравалі адмысловую кашульку.

 

На першым здымку: Ігар Тарасаўс пакідае пасля сябе ў Гродне добрую памяць