Заўзятарка Таццяна: майка і моцныя абдымкі ад Тарасаўса

|

Як гэта было? Распавядае сама Таццяна:

 

– Скажыце, хто не хоча атрымаць майку футбаліста, які вам падабаецца? Вось і я хацела!

 

Добра памятаю тую гульню, калі Тарасаўс упершыню выйшаў на поле гарадзенскага стадыёна. Тады “Нёман” прымаў барысаўскі БАТЭ. Я адразу сказала – гэты хлопец выйдзе на замену і заб’е пераможны гол. Так яно і сталася!

Пасля матчу Ігар падышоў і падзякаваў сваім заўзятарам, у тым ліку і мне.

 

З той самай гульні ён мне і спадабаўся. Незвычайны такі – высокі, доўгавалосы, запамінальны. Да таго ж – добры футбаліст. Шкада, што сыходзіць (2 снежня Тарасаўс пераедзе ў Беласток, дзе будзе гуляць за “Ягелонію” – рэд.).

 

Але мы зараз не пра гэта. Як я займела яго майку? Я проста папрасіла яе. Праз патрэбных людзей выйшла на Ігара і папрасіла яго падараваць яго майку ў канцы сезону. Ён сказаў: “Ок, без праблем!”.

 

Я была шчаслівая, але, калі шчыра, не верыла ў гэта да канца.

 

Напярэдадні апошняга матчу гарадзенцаў у гэтым сезоне мне прысніўся сон, што Ігар ўручыў мне майку. Таму гульню я вельмі чакала.

 

Прайграючы 2:0 па ходу сустрэчы, гарадзенцы здолелі не толькі параўняць лік, але і разгромна перамагчы “Белшыну” з лікам 5:2.

 

Шкада толькі, што Тарасаўс у матчы не гуляў з-за праблем са спіной.

 

Пасля заканчэння матчу мы дамовіліся сустрэцца каля распранальняў футбалістаў, дзе Ігар павінен быў мне падарыць сваю майку. Але, каб прайсці да распранальні, трэба было мінуць міліцыю, якая мяне туды не пускала. Усіх пускалі, а мяне не! Што за дыскрымінацыя там была?

 

Але тут сталі праходзіць хлопцы з “Нёмана”: Савіцкі, Зубовіч, Анюкевiч і сам Тарасаўc. Хтоcцi з футбалістаў узяў мяне за руку, і казаў: “Гэта дзяўчына футбаліста, прапусціце!”. А спачатку прадставілі як журналістку. Я не зразумела, што там адбывалася, столькі эмоцый было. Ну вось я і апынулася каля распранальняў. Там Ігар і падарыў мне сваю майку, сумеснае фота і моцныя абдымкі.

 

Гэта было незабыўна, бо майку “Арсенала” альбо “Рэала” можна ўсюды купіць, а вось майку “Нёмана” – не. Так што на ўсе астатнія матчы “Нёмана”, я буду хадзіць у гэтай майцы.

 

А за кар’ерай Тарасаўcа я заўсёды буду сачыць. Жадаю яму поспехаў у новай камандзе. Думаю, хутка прыеду і падтрымаю яго ў суседнім Беластоку.

Як аказалася пазней, майку ад Ігара хацелі займець многія. Але пашанцавала мне, і яшчэ аднаму барадатаму хлопцу.

 

Чытайце ў нашым праекце таксама:

 

Майка ад куміра

ТэлеВіталь: Тады нам было 15, а зараз 44


Гісторыі гарадзенскіх заўзятараў: Валерый і падарунак ад Рэкіша


“А Іван зняў майку і кінуў яе нам”