Падтрымайце гарадзенцаў!

|

Пераможцаў будзе вызначаць як экспертнае журы, так і народнае галасаванне, узяць удзел у якім могуць і чытачы “Твайго стылю”.

 

Галасаванне за лепшыя адукацыйныя праекты адбываецца на сайце “Асацыяцыяі дадатковай адукацыі і асветы“, якая ладзіць 5-6 снежня разам з партнёрамі чарговы Фестываль нефармальнай адукацыі.

 

Менавіта на ім і будуць узнагароджаныя пераможцы конкурса.

 

Сярод 47 прэтэндэнтаў на перамогу – гарадзенскія “Універсітэт Залатога Веку” для сталых людзей і Фестываль моладзевай журналістыкі “Твой стыль”.

 

“Універсітэт Залатога Веку” (УЗВ) быў заснаваны ў Гродне ў красавіку 2010 г.

Гэта першая беларуская пляцоўка, накіраваная на паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю. 

 

Сёлета студэнтамі УЗВ з’яўляюцца каля 200 гарадзенцаў ва ўзросце ад 55 год і вышэй.

 

Тут яны не толькі вывучаюць замежныя мовы, гісторыю, псіхалогію, асновы тэатральнага майстэрства, права, кампутарную граматнасць, але і штогод рэалізуюць каля дзесятка розных дабрачынных акцый.

 

Дзейнасць гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку” згадваецца ў Нацыянальнай справаздачы пра выкананне нашай краінай Мадрыдскага міжнароднага плана па старэнні насельніцтва.

 

Фестывалі моладзевай журналістыкі “Твой стыль” ладзяцца ў Гродне з 2007 г.

Удзел у заяўленым на конкурс Фестывалі, які адбыўся ў траўні 2014 г., брала звыш 100 пачынаючых журналістаў, а таксама медыяэкспертаў з Беларусі і Расіі.

 

У межах Фестывалю адбываюцца майстар-класы, прэзентацыі, кінапаказы, узнагароджанне пераможцаў нацыянальнага конкурса для пачынаючых журналістаў, а таксама ФотаБатла – агульнабеларускага спаборніцтва для фотарэпарцёраў.

 

“Універсітэт Залатога Веку” у спісе намінантаў пазначаны пад нумарам 42, а Фестываль журналістыкі пад нумарам 44.

 

Галасаванне будзе доўжыцца да 5 снежня на старонцы http://adukatar.net/v-padzeya-goda/


У конкурсе таксама ўдзельнічае “Праграма нефармальнай адукацыі “Моладзь на карысць грамадству”, удзел у рэалізацыі якой брала Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне маладых навукоўцаў “ВІТ”.

 

У межах праграмы быў падрыхтаваны і апрабаваны метадычны дапаможнік па інавацыйнай тэхналогіі падрыхтоўкі маладзёжных сацыяльных праектаў (МСП), у якім разглядаюцца крокі МСП і даюцца практычныя парады па іх рэалізацыі з улікам спецыфікі беларускага заканадаўства; праведзены чатыры трэнінгі для спецыялістаў па працы з моладзю; а таксама праведзены пяць цыклаў заняткаў для моладзі па падрыхтоўцы, рэалізацыі і падсумаванні вынікаў маладзёжных сацыяльных праектаў.

 

У спісе намінантаў праграма пад нумарам 46.

 

Звярніце ўвагу, што для ўдзелу ў галасаванні за лепшую падзею года вам спатрэбіцца на старонцы галасавання зайсці праз свой акаўнт у адным з прапанаваных ніжэй інтэрнэт-сэрвісаў (ВКонтакте, Фэйсбуку, Гугл і інш.).

 

Затым трэба выбраць падзею, за якую вы хочаце прагаласаваць, паставіўшы “птушкачку” перад нумарам падзеі, а затым націснуць “Галасаваць” у канцы спіса.