Дом сувязі ў Гродна “па-за зонай доступу”

|

У выніку вазок давялося ўсцягваць тром чалавекам. Эксперымент і яго вынікі маладыя людзі дэталёва зафатаграфавалі. Што атрымалася ў яго выніку – чытайце ніжэй.

 

Усе аддзяленні гродзенскай “Белпошты” павінны быць даступнымі для людзей у інвалідных вазках. Я думаю, дастаткова прыцягнуць ўвагу “кампетэнтных людзей” да “бар’ернасці” цэнтральнага аддзялення сувязі, каб у іншых паштовых аддзяленнях праблема таксама пачала вырашацца”, – кажа Аляксей, удзельнік эксперыменту.

 

Удзельнікамі, адначасова ініцыятарамі, невялікай сацыяльнай акцыі сталі некалькі маладых людзей з Гродна. Яны спрабавалі зрабіць так, каб гэты горад стаў больш даступным і зручным для ўсіх. Ганна папрасіла іх распавесці пра свае дзеянні больш падрабязна.

 

Найперш трэба было абраць “праблемны” аб’ект: сацыяльна значную ўстанову, трапіць туды, куды трапіць “на колах” надзвычай цяжка або ўвогуле немагчыма. Па словах Аляксея, які карыстаецца інвалідным вазком, дом сувязі па вул. К. Маркса 29 прыцягнуў ўвагу менавіта таму, што ў яго некалькі разоў узнікала неабходнасць туды заехаць. Аднак зрабіць гэта без дадатковай дапамогі проста нерэальна.

 

Каб яшчэ раз у гэтым упэўніцца, маладыя людзі ацанілі стан пандуса пры ўваходзе: ён не адпавядаў агульнапрынятым стандартам.

 

 

На здымку зафіксаваная спроба Аляксея заехаць у паштовае аддзяленне на інвалідным вазку. Вазок у выніку ўдалося падняць наверх толькі тром чалавекам.

 

Аднак адолець “перашкоду” на ўваходзе, каб трапіць у дом сувязі, аказалася недастаткова. У будынку быў яшчэ адзін пандус, змайстраваны такім жа чынам, як і першы, то бок так, што заехаць на яго самастойна было немагчыма. Цікава, што пры спробе замераць пандус і зафатаграфаваць яго маладых людзей папрасілі зараз жа пакінуць памяшканне і атрымаць дазвол на здымкі, хаця б ад вартаўніка.

 

Вынікам эксперыменту стаў калектыўны ліст-зварот на імя начальніка Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” з просьбай ліквідаваць праблему. Маладыя людзі да ліста дадалі здымкі і зробленыя самастойна абмеры пандуса ў параўнанні з агульнапрынятымі стандартамі.

 

Цягам двух тыдняў начальнік горадабудаўніцтва “Белпошты” патэлефанаваў маці адной з аўтарак звароту і прапанаваў аўтарам ліста сустрэцца асабіста. Маладыя людзі адхілілі прапанову, падазраючы, што сустрэча ператворыцца ў звычайную дэмагогію пра недахоп рэсурсаў.

 

У афіцыйным пісьмовым адказе на калектыўны зварот дырэктар Гродзенскага філіяла РУП “Бел пошта” Пратасевіч І.І. падзякаваў аўтарам за своечасовыя і правільныя заўвагі і прапановы і паабяцаў знайсці ў 2015 годзе неабходныя фінансавыя сродкі, каб зрабіць працы па ўладкаванні пандуса. З іншага боку, ён прапанаваў фізічна аслабленым людзям заранёў паведамляць пра свае намеры наведаць падначаленыя ім установы, каб была магчымасць арганізаваць неабходную дапамогу.

 

Па словах адной з аўтарак ліста Алены, маладыя людзі палічылі адказ недастаткова канкрэтным. Таму яны накіравалі яшчэ адзін ліст у адміністрацыю РУП “Белпошта” з просьбай распрацаваць план па будаўніцтве пандуса і ўсталяваць тэрміны яго рэалізацыі.

 

Героі эксперыменту не губляюць упэўненасці ўбачыць пандус на цэнтральным паштовым аддзяленні горада адпаведным агульнапрынятым нормам.

 

Ганна Яшына, журнал “МолоКо”