Майка Кавалёнка? Не – Дзімы Раўнейкі

|

Абяцаў майку, а падараваў шорты

 

Восенню 2011 года неяк ўбачылася з Дзімам Кавалёнкам перад трэніроўкай на стадыёне па вуліцы Захарава, дзе я вучуся. Спыталася пра майку, бо набліжаўся канец сезону. Дзіма паабяцаў, што падаруе яе. Я была такая задаволеная, бо чула на сектары, што многія фанаты хочуць папрасіць у яго майку, але ведала, што ён яе пакіне менавiта для мяне. Нават дзяўчынкам ва ўніверсітэце пахвалілася гэтай добрай навіной, і брату распавяла, што Кавалёнак паабяцаў майку падараваць. Падзялілася з усімі.

 

І вось наступіў дзень апошняй хатняй гульні. Мы тады з Тарпеда-БелАЗ гулялі. Я з самай раніцы ўжо думала аб гэтай майцы. Настрой быў выдатны, набліжаўся канец матчу, у думках толькі майка, бо гэта будзе мая першая і адразу ад Кавалёнка. І вось фінальны свісток, усе гульцы ішлі да нашага сектару, але Дзіма толькі папляскаў і збіраўся сыходзіць. Тут я зразумела, што радавацца не было чаму. І не паспела я пакрыўдзіцца, як да сектара падыйшоў Дзіма Раўнейка і даў мне ў рукі сваю майку. Я была на сёмым небе ад шчасця і падаравала яму сваю “ружу” (рэд. шалік). А Кавалёнак, за тое, што так выйшла, папрасіў прабачэння ў інтэрнэце. У міжсезонні мы з ім убачыліся і ён падараваў мне свае шорты. Хоць так загладзіў сваю віну.

 

Жэня не раздумваючы валіў з локця

 

Ішоў ўжо сезон 2012 года. Пасля мінулага года асабліва не хацелася больш ні ў кога майку прасіць. Але чамусьці вельмі хацелася атрымаць майку Яўгена Савасьцьянава – ён вельмі цешыў сваёй гульнёй і стаўленнем на полі. Вельмі падабалася ягоная злосць на полі, паспрабуй неяк закрані яго, дык адкажа ўдвая. Асабліва памятаецца матч у пачатку сезону, калі абыгралі Славію 8-0. Падчас гульні ўзнікла нейкая сварка паміж Жэням і мазырскім гульцом, дык Жэня не раздумваючы паваліў яго і з локця.

Бойка – гэта не добра, але вельмі заводзіць заўзятараў. І вось у дзень апошняй хатняй гульні, 25 лістапада, я ўсё ж вырашыла спытаць у Жэні пра майку. Ён сказаў, што ў яго ніхто не прасіў, і ён з радасцю падаруе яе мне.

 

Шчыра, я мала на што спадзявалася, нават не перажывала з гэтай нагоды. Але пасля фінальнага свістка Жэня сапраўды падыйшоў і падарыў мне сваю майку, а я яму, па традыцыі, сваю “ружу”. Было вельмі прыемна, ды і каманда выйграла 2-1 у Тарпеда-БелАЗ, таму настрой быў добры ўдвая.

Наступныя сезоны былі ўжо без маек. Амаль усе гульцы кажуць, што ім не дазваляюць іх аддаваць, а ў некаторых на некалькі гадоў наперад “забілі”. У кожнага свае адгаворкі. Ды і не ў майках шчасце.

 

Яшчэ ў мяне ў хаце вісіць майка і шорты Сяргея Чэрнiка, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

 

 

Чытайце ў нашым праекце таксама:

 

Майка ад куміра


ТэлеВіталь: Тады нам было 15, а зараз 44


Гісторыі гарадзенскіх заўзятараў: Валерый і падарунак ад Рэкіша


“А Іван зняў майку і кінуў яе нам”


Заўзятарка Таццяна: майка і моцныя абдымкі ад Тарасаўса


Вярніце майку – гульцу гуляць няма ў чым!