Памёр Мікалай Тарасюк – адзін з герояў праекта «Постаці»
За сваё жыццё творца выразаў мноства «драўлянага народу», які сабраў пад дахам уласнага музея «Успаміны Бацькаўшчыны». Экспазіцыю яго музея можна назваць сапраўднай энцыклапедыяй беларускага сялянскага быту.
Яго музей драўляных беларусаў – помнік роднай вёсцы Стойлы, у якой гаспадар жыў адзін.
Разьбой па дрэве і пляценнем з лазы Міхакалай Тарасюк захапляўся з дзяцінства. Аднак сур’ёзна займацца гэтай справай пачаў у 80-я гады мінулага стагоддзя. Менавіта тады, падчас правядзення Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці (1987), майстар атрымаў найбольшую вядомасць. За выставу ў Маскве атрымаў Залаты медаль ВДНГ і медаль лаўрэата фестывалю, пасля чаго пачаліся персанальныя выстаўкі разьбяра.
У краіне драўлянага люду, зробленай Мікалаем Тарасюком, паказаныя розныя падзеі вясковага побыту: нараджэнне, хрэсьбіны, збор ўраджаю, вядзенне гаспадаркі, вяселле, пахаванне. Майстар выразаў з дрэва таксама палітыкаў і чыноўнікаў, падымаючы пытанні неразумення імі простага люду і яго праблем.
Запаветная мара Мікалая Тарасюка – вяртанне сучасных беларусаў да сваіх каранёў.
У 2008 годзе тэлеканал Белсат зняў пра Мікалая Тарасюка фільм “Гаспадар”.
У 2011 беларускі рэжысёр Віктар Аслюк зняў фільм “Драўляны народ”. Фільм быў адзначаны гран-пры фэстывалю «Magnificat-2012» і прызу глядацкіх сімпатый на X міжнародным кінафестывалі «Filmfest Eberswalde-2013» у Германіі.
Працы Мікалая Тарасюка выстаўленыя ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, Брэсцкім краязнаўчым музеі, Мотальскім музеі народнай творчасці і ў музеях іншых краін.
У 2010 годзе Мікалай Тарасюк стаў адным з герояў відэапраекта “Постаці”, рэалізаваным ГА “Цэнтр”Трэці сектар”.
Каманда праекта “Постаці” і рэдакцыя “Твайго стылю” смуткуе з выпадку смерці майстра і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім нябожчыка, а таксама ўсім, хто ведаў гэтую, сапраўды велічную, Постаць.