“Мы ніколі не думалі, што станем рускімі”
Наш суразмоўца Юрый Марціновіч нарадзіўся ў 1934 годзе ў мястэчку Сапоцкін каля Гродна.
Перад самай вайной Юрыю было ўсяго 5 гадоў. Яго сям’я ў спадчыну ад сваякоў атрымала вялікі кавалак зямлі, якой дзялілася з суседзямі, каб не апрацоўваць усё самім.
Але з прыходам Чырвонай арміі жыццё каардынальна змянілася.
Распавядае Юрый Марціновіч:
– Да 1939 года нам жылося добра. Сям’я была ў дастатку, у бацькі была добрая праца, мелі сваю гаспадарку.
Палову насельніцтва мястэчка складалі яўрэі, з якімі ніколі не ўзнікала канфліктаў. Яны былі ўсе ў асноўным гандляры, мелі невялікія крамкі, давалі заўсёды ў пазыку, колькі хочаш. Але пры гэтым усё запісвалі, хто ў каго браў. Калі ты не аддаў своечасова, то табе ўжо нічога не дадуць. Пойдзеш у наступную яўрэйскую краму, а там ужо ведаюць, што ты не аддаў пазыку. Вось так і жылі, было весела і цікава.
Але з прыходам бальшавікоў ўсё змянілася – мірнае жыццё Сапоцкіна скончылася.
У верасні 1939 года нас прыйшлі “вызваляць”. Першае ўражанне аб бальшавіках – басякі, на нагах абмоткі. Можа пару чалавек і мелі боты, але большасць была ў абмотках, і ўсе як адзін галодныя.
Супраціўлення новай уладдзе мы, мясцовае насельніцтва, не аказалі. Усе стараліся сядзець ціха і не высоўвацца. Але на наступны дзень пачаліся арышты людзей і рабаванні. Вуліцы пусцелі, суседзі знікалі.
Так прайшлі першыя дні так званага “вызвалення”. У асноўным забіралі тых людзей, якія мелі цесную сувязь з польскай дзяржавай – гэта маглі быць сем’і жаўнераў, а маглі быць і звычайныя паштальёны.
І да нас уварваўся адзін такі і крычыць: “Кручка!”. Што за “кручка” мы не разумелі. Пасля роздуму падалі яму “кручек” (польскі) – качарэжка. А ён: “Не, не!”, і цягнецца за “кружкой” з вадой, менавіта “кружка” і было маё першае слова на расейскай мове.
Выбіраць нам не даводзілася, так і мусілі жыць з імі. Брат майго бацькі быў польскім палiцыянтам. На шчасце, яму ўдалося збегчы і ён хаваўся ў Караліно, там пасля і жыў. Яго ніхто не выдаваў, бо быў добрым чалавекам, заўсёды, калі трэба, дапамагаў.
Яму пашанцавала, як і нам. А хтосьцi загінуў геройскай смерцю, абараняючы сваю зямлю ад заваёўнікаў.
Знайсці магілы польскіх жаўнераў, палеглых у верасні 1939 года, не складана – над імі цяпер лунаюць польскія сцягі.
Немцы
Чуткі аб пачатку вайны з Германіяй дайшлі да нас хутка. Мой бацька працаваў будаўніком, часта бываў у буйных гарадах і быў дасведчаны ў шмат якіх пытаннях. Ды і перабежчыкі, якія ўсё часцей з’яўляліся на нашым баку, сцвярджалі, што вось-вось пачнецца наступ.
А Сталін не баяўся і казаў, што ў выпадкі нападу мы іх колькасцю возьмем – шапкамі закідаем.
Калона танкаў з 2-й танкавай групы Гудэрыяна перад ажыццяўленнем маршу. Група армій “Цэнтр”. Чэрвень 1941 г.
На пару дзён у суседнюю вёску мяне ўзяў мой дзядзька. Менавіта там я і даведаўся пра пачатак вайны.
Усё пачалося раптоўна. Летняй раніцай нас абудзілі грукат і самалёты, якія ляцелі ў вялікай колькасці.
Немцы ішлі з боку Аўгустоўскага каналу. Бацькі хутка прыбеглі ў вёску і забралі мяне. Усе разам на гружаным возе паехалі далей у лес. Падняліся толькі на гару, а там ужо немцы-парашутысты. І крычаць на ломанай польскай мове: “Назад!”
Мяне дагэтуль мучыць пытанне, навошта ўзводзіліся ўсе гэтыя доты каля нас ў 1939 годзе?
Мы яшчэ пацанамі глядзелі, як іх будуюць. Здавалася б, аніводны снарад іх не возьме, але немцы вельмі свабодна прайшлі.
Дот на ўчастку ўмацаванняў каля Сапоцкіна
Ужо ў першыя дні вайны з Аўгустоўскіх лясоў гналі цэлую савецкую армію, якая заняла цэлую вуліцу.
Бацькі давалі нам хлеб, мы кідалі гэтым палонным, а калі немец заўважыць, то як дасць бізуном – больш хадзіць і глядзець на палонных не хацелася.
Ужо пасля ўсіх гэтых савецкіх салдат пагналі ў Гродна, у лагер для ваеннапалонных, які знаходзіўся ў Калбасiно.
Армія была вялікая, можа тысяч сто. Мы неяк хавалі аднаго палоннага ў сябе дома, дык ён расказваў, што нават не далі вінтовак, каб сустрэць ворага. Сказалі, здабудзеце ў час бою.
А вось яўрэі нават не спрабавалі ўцячы. Яны казалі, што неяк пратрымаюцца. Ужо праз некалькі дзён у нас ствараецца гета, куды зганяюць усіх яўрэяў.
Як цяпер памятаю, яно знаходзілася на вуліцы Асоцкая, назва ад вёскі Асочнiкi.
Яўрэяў прымусілі будаваць сабе гета, усё абкруцілi калючым дротам. Там яны іх і трымалі і выганялі часта на будаўніцтва дарог.
На сто чалавек было ўсяго два-тры ахоўнікі. Я дзіўлюся, чаму яны не ўцякалі. Яны ж разумелі, што іх чакае…
Калі вялі ўжо нашага чалавека, то ведалі, што яго трэба старанна ахоўваць. Бывала, вядуць трох нашых чатыры ахоўнікі, дык нашыя ўсё роўна ўмудраліся збегчы.
У нас у вёсцы многія яўрэяў хавалі, у асноўным дзяцей. Яўрэі давалі ўсё золата, толькі каб дзяцей узялі і нават пасля вайны многім людзям адплацілі вельмі добра за гэта дабро.
Выжыць удавалася адзінкам. Многіх мясцовых яўрэяў расстрэльвалі каля Навумавічаў, там, дзе стаяць фарты, а многіх вывозілі ў Гродна і іншыя месцы.
Даведка ТС:
Пасёлак Сапоцкін (Сапоцкіна) знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй 3 гады і 1 месяц – з 22 чэрвеня 1941 года да 18 ліпеня 1944 года. Нацысты стварылі ў пасёлку гета, сагнаўшы туды 539 яўрэяў, якіх там збівалі, вешалі і расстрэльвалі за найменшую “правіннасць”.
У 1942 годзе частку яўрэяў з гета ў Сапоцкіне вывезлі ў Калбасiнскi транзітны лагер. Само гета праіснавала да лютага-сакавіка 1943 года. Падчас знішчэння гета (не пазней за 5 сакавіка 1943 года) немцы і паліцэйскія забілі ўсіх яго вязняў.
Захаваліся архіўныя дакументы па гета ў Сапоцкіна.
Былі з сярод немцаў і вельмі добрыя салдаты. Аднаго мы называлі “Седэмжэчэ”, часта з ім гулялі, ён заўсёды прыходзіў і папярэджваў, калі набліжаецца якая-небудзь небяспека.
У час вайны мая сям’я займалася сельскай гаспадаркай, і нас асабліва не чапалі да аднаго моманту, які адбыўся ў 1943 годзе, але пра гэта распавяду пазней.
Кожная хата павінна была плаціць падатак немцам. Плацілі, у асноўным, прадуктамі, бо армія была вялізная. І вось адзін раз немец прыйшоў, палічыў колькі нас чалавек, і толькі тады пачаў вырашаць пытанне. Пайшоў у хлеў, паглядзеў колькі там збожжа, мяса, малака і сказаў: “Усё тут толькі для таго, каб вам пражыць”. Вось гэты момант вельмі добра запомніўся мне. Забягаючы наперад скажу, што рускія пасля вайны проста казалі, што ім трэба столькі і столькі, і бяры, дзе хочаш.
Пашанцавала, што бацька пасля вайны меў добрую працу, то ён купляў ежу, каб толькі гэтыя галадранцы адчапіліся ад нас.
Аднаго разу прыйшлі прымушаць у калгасы ўступаць. Прыйшлі такія тры, адзін сеў за стол, ногі заваліў, а нас дзяцей пад сцяну. Кажуць: “Пішы заяву!”. А мой бацька адмовіўся. Дык гэтыя быдлякі пад пагрозай расстрэлу сям’і прымусілі маці на каленях прасіць бацьку ўступіць. А бацька ўсё роўна адмовіўся.
У выніку бацьку забралі ў аддзяленне, дзе так збілі, што ён нават варушыцца не мог. Пасля ўсяго гэтага яго кінулі каля дома. Праз тыдзень прыехала камісія і забрала ўсё, што мы мелі: усіх жывёл, швейную машынку і нават дзіцячую вопратку.
У тысячу разоў горш немцаў былі. Немец расстраляе цябе, калі ты ў чымсьці вінаваты, а гэтыя на пакуты кідалі. Я малады пацан, а ў школу хадзіць не было ў чым, усё забралі.
У час вайны ў нас былi i iтальянцы, i іспанцы, але яны былі самыя добрыя людзі. Італьянцы ў нас размясціліся ў адной царквушцы. Людзі баяліся міма салдат праходзіць, але часам, калі была тэрміновая патрэба, то прабягалі. А італьянцы, як убачаць хлопцаў, якія прабягаюць і як пачнуць крычаць: “Алё, лёлёлё ,ком ком, Лё Лё!”.
Італьянскія салдаты на тэрыторыі Беларусі
А мы ж не разумелі ў чым справа, баяліся вельмі і ўякалі. А яны даганяюць нас і да сябе, а там і шакаладак і цукерак надаюць, усяго запхаюць табе. І мы такія задаволеныя ўцякалі ад іх. Немцы так не рабілі.
З часам у нашых лясах пачалася партызанка ў раёне Кадыша, партызанілі ў асноўным мясцовыя. Неяк яны прыйшлі раз, хацелі забіць галоўнага, але не знайшлі, так і сышлі ні з чым.
І вось ў 1943 годзе, у нас у мястэчку было вяселле, пачаліся гулянні, прыйшлі немцы. Усе выпілі і адзін немец паспрачаўся з мясцовым. Узяў аўтамат дулам да сябе, і хацеў правучыць паляка. Немец як даў, а наш прыгнуўся, ну і ў выніку немцу аддачай, чаргой у жывот стрэльнула. Усе былі ў шоку.
Тыдзень-два ўсё было спакойна. А на трэцi як пачалося! Усіх склікалі, пачалі выводзіць на вуліцу, бліжэй да школы. А наш знаёмы “Седэмжэчэ”, сказаў, што ўсіх выганяюць і браць нічога не трэба.
Толькі выйшлі мы на ганак і бачым, як на вышыні стаяць салдаты за кулямётам. Не паспелі рушыць, як пачуліcя крыкі і стрэляніна. Усе, хто раней выйшаў на цэнтральных вуліцах, усіх паклалі. Нам пашанцавала, што да нас не дайшла чарга, бо нашай вуліца найдалей была.
Аказалася, што немцы пачалі страляць і патрапілі ў двух сваіх канваіраў і аднаго паранілі, у выніку стральба спынілася. Калі нас вялі, вакол кучы забітых ляжалі. Карціна дзяцей, якія поўзаюць па гэтых кучах, у мяне да гэтага часу перад вачыма.
Доўга нас на вуліцы пратрымалі, у выніку прыйшлі адборшчыкi і забралі людзей ад чатырнаццаці гадоў на працу ў Германію. Мне пашанцавала, мяне з маці не забралі, а бацькі з намі не было, ён хаваўся, і праз тыдзень вярнуўся.
Неўзабаве і рускія сталі падыходзіць. Шчыра скажу, мы іх чакалі. Многія мясцовыя ўцяклі зноў у лясы, там адседжваліся, пакуль ішлі баявыя дзеянні. Ой як стралялі! Вельмі добра было чуваць, калі перапраўлялася савецкая армія праз Нёман.
Быццам бы ўсё добра, немцы сышлі, рускія да Калет дайшлі. Але раптам з лесу, незразумела адкуль з’яўляецца частка нямецкай арміі з танкамі-тыграмі, і давай па рускіх страляць! Нам прыйшлося зноў хавацца. А камуністам прыйшлося адступіць і адысці назад. Ужо ноччу немцы недзе зніклі. Вось так і скончылася вайна ў нас.
З’явіліся зноў рускія і зноў яны паводзілі сябе, як дзікуны. Урываліся ў дамы, у хлявы. Да нас забегла пару чалавек і пачалі па кішэнях сабе зерне распiхваць…
Пасля вайны
Пасля вайны ў лясах з’явіліся новыя партызаны. У асноўным, мясцовыя ў лес сыходзілі. Новая ўлада спрабавала ўсё забраць і знішчыць. Не чакаючы сваёй высылкі, людзі сыходзілі ў лясы і аб’ядноўваліся з аднадумцамі, каб змагацца за справядлівасць.
Хочаш, не хочаш, ты вымушаны быў сысці ў лес. Збіраліся вялікія атрады, а пасля яшчэ і Армія Краёва далучылася. І давалі яны бой разам.
Наша мясцовае насельніцтва дапамагала ім, як ніяк ўсе свае людзі былі і змагаліся яны за справядлівасць. Але ў выніку прыйшлі войскі і пачалі абходзiць лес, многіх злавілі і расстралялі, а хтосьці паспеў уцячы і да гэтага часу жыве.
Адразу пасля вайны мы з братам пайшлі ў пяты клас, бо былі пераросткамі. А першы клас у нас быў пры паляках (у час нямецкай акупацыі мы хадзілі ў прыватную школу на хату, дзе выкладалі таксама на польскай мове).
У новай школе давялося вучыцца на новай мове. Расейскую не ведаем, гаворым з цяжкасцю, а пра пісаць і гаворкі не было.
Ужо ў 50-х я пайшоў служыць у савецкую армію, пасля стаў медыкам і працаваў у розных месцах Саюза, а на пенсію вярнуўся ў родны край. Цяпер жыву ў Гродне.”