Гарадзенскія хакеісты прайгралі два матчы запар
9 лютага падапечныя Васіля Спірыдонава гасцявалі ў Гомелі ў мясцовых «рысяў» і нечакана саступілі з разгромным лікам 3:0.
Ужо праз два дні чырвона-чорныя адправіліся ў Салігорск, да лідэра цяперашняга чэмпіянату – салігорскага “Шахцёра”. І там гарадзенцы гэтак жа прайгралі, толькі ўжо з розніцай у дзве шайбы.
Пасля двух прайгранных матчаў Васіль Спірыдонаў адзначыў:
«Зробім працу над памылкамі. Зразумела, у нас цяпер складаны выезд – “Гомель” і “Шахцёр”, яны лідзіруюць у чэмпіянаце і з імі супернічаць вельмі складана.
Не хаваю, камандзе цяпер цяжка. На жаль, тыя навічкі, якіх мы перад закрыццём трансфернага акна падпісалі, пакуль нас зусім не ўзмацняюць. Але мы працягваем глядзець з аптымізмам у будучыню.
Падлечыцца Саша Маляўка, паправiцца Лісічкін – і справы ў атацы абавязкова павінны пайсці на паляпшэнне».
Наступную гульню”Нёман” правядзе гэтак жа на выездзе і зноў супраць “Гомеля” (перанесеная з 13 студзеня гульня).
А бліжэйшы хатні матч, гарадзенскія хакеісты правядуць у Гродне 16 лютага, калі будуць прымаць мінскае “Юнацтва”.