Гарадзенскія прадпрымальнікі: шок і надзея
1 сакавіка сканчаўся тэрмін, да якога індывідуальныя прадпрымальнікі — плацельшчыкі адзінага падатку маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі легпрама, увезенай з краін Мытнага Саюзу без дакументаў з пацвярджэннем набыцця і паступлення гэтых тавараў.
Прадпрыймальнікі неаднаразова звярталі ўвагу ўладаў на тое, што атрымаць усе неабходныя дакументы ў пастаўшчыкоў (у асноўным расійскіх) практычна немагчыма і што новыя правілы разбураць бізнес многіх людзей.
Беларускі ўрад, аднак, на саступкі не пайшоў і ў выніку на рынках краіны ў лютым распачаўся масавы распродаж тавараў, а на многіх гандлёвых месцах з’явіліся шыльды пра спыненне працы з 1 сакавіка.
І вось, калі здавалася, што прадпрыймальнікі так і не змаглі абараніць свае інтарэсы, улады зрабілі крок назад.
28 лютага з’явілася інфармацыя, што ўрад Беларусі найбліжэйшым часам падрыхтуе дакумент аб легалізацыі продажу рэшткаў тавараў легпрама індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія не маюць на іх дакументаў.
Кантралёры не будуць штрафаваць прадпрыймальнікаў да прыняцця новага ўказа.
Рашэнне слушнае, але навошта было даводзіць столькі людзей да стрэсу і страты грошай, адцягваючы яго прыняццё да самага апошняга моманту?
На здымку: гарадзенскі рынак “Карона”, апошнія дні лютага
Фота аўтара