Ала Петрушкевіч зышла з гарадзенскага ўніверсітэту
– Была Інгеборг, як сасонка, страйна,
– Так вецер суворы пяе
– І горкую долю спаткала яна.
– Шкада нам, шкада нам яе…
Кранальна і пранікнёна гучалі словы “Скандынаўскай песні” Максіма Багдановіча, якую чытала Ала Мікалаеўна ў дуэце са сваім настаўнікам Аляксеем Міхайлавічам Пяткевічам.
Абсурднай здавалася прычына, якая прывяла ва ўніверсітэцкія сцены ў гэты раз.
На працягу ўсёй вечарыны, развітальнай вечарыны Алы Мікалаеўны з універсітэтам, не пакідала адчуванне сюррэалістычнасці таго, што адбываецца.
…Знаёмая са студэнцкіх часоў 3-я аўдыторыя майго дарагога філфака, запоўненая людзьмі, многа кветак, усмешкі на вуснах ды затоены смутак у вачах большасці прысутных – і Ала Мікалаеўна, апранутая ў шыкоўную сукенку колеру вясны, як заўсёды, незвычайна прыгожая, гаворыць пра тое, у што немагчыма паверыць…
На нашых вачах здзяйснялася нешта недарэчнае, жахліва несправядлівае, тое, што мы не здолелі прадухіліць: выдатны выкладчык, улюбёны ў сваю працу, незвычайны чалавек, адданы Беларусі і беларускай справе, развітваўся з універсітэтам, развітваўся з тым, што яму так блізка і дорага, развітваўся яшчэ ў росквіце сіл і магчымасцяў.
І мы нічым не маглі дапамагчы.
Годны чалавек мужна крочыў па абраным шляху, які падказала яго сумленне.
Сысці прыгожа… Сысці з добрай усмешкай на вуснах… Сысці, перамагаючы боль…
Сысці, каб захаваць сябе і сваё сумленне…
Колькі трэба мець мужнасці, каб сыходзіць вось гэтак…
І гэта таксама урок выдатнай выкладчыцы. Урок жыццёвы.