Стары замак рыхтуюць да рэканструкцыі
Першы этап работ прадугледжвае рэканструкцыю часткі замка – ад палаца, далей ўваходная група (вароты) і прыкладна палова сцяны над Нёманам.
Другі этап – сам палац, а трэці – двор з усімі будынкамі.
Стары замак ужо даўно чакаў рэканструкцыі. Планы па яе правядзенні былі распрацаваныя яшчэ 30 год таму.
Адной з прычын, якія прыспешылі пачатак прац, стала аварыйная сітуацыя ў адным з залаў музея, дзе правалілася падлога.
Плануецца, што пасля рэканструкцыі замак стане помнікам архітэктуры эпохі Адраджэння – такім, якім выглядаў у часы Стэфана Баторыя ў 1580-я гады.
Дырэктар гісторыка-археалагічнага музея Юры Кітурка ўвосень мінулага года ў інтэрв’ю журналістам казаў, што пры ўмове належнага і безперапыннага фінансавання працы па рэстаўрацыі Старога замка можна скончыць за пяць год.
Пры гэтым кошты рэканструкцыі могуць перавысіць выдаткі на аднаўленне Нясвіжскага і Мірскага замкаў.
Афіцыйныя крыніцы падаюць кошт рэканструкцыі Нясвіжскага замка ў 55 міліёнаў даляраў.
Цяперашні праект рэканструкцыі замка падабаецца не ўсім.
Да прыкладу, гарадзенскі гісторык Сцяпан Стурэйка лічыць, што гэты праект з пункту гледжання сучаснай тэорыі рэстаўрацыі крыху састарэў.
На яго думку, новы вобраз замка эпохі Стэфана Баторыя будзе нагадваць палац Папялушкі ў Дыснэйлэндзе.
Такім бачыць Стары замак аўтар праекта яго рэстаўрацыі архітэктар Бачкоў
На думку гісторыка, больш карэктным было б паказаць усе сляды гісторыі замка ў розныя перыяды яго існавання.
Фота Юрыя Яўменава