“Мы самі сабе трэнажоры”

Пасля расповеду пра бампербол надыйшла чарга кросфiту.

 

Кросфiт – гэта дастаткова новая сістэма фітнес трэнінгу, якая з кожным днём набірае ўсё большую папулярнасць сярод спартсменаў і моладзі.

 

Галоўным «козырам» кросфiта з’яўляецца адмова ад пэўнай спецыялізацыі, для таго, каб выклікаць максімальна шырокую адаптацыйную рэакцыю арганізма.

 

Атлет атрымлівае раўнамернае і паўнавартаснае фізічнае развіццё.

 

Можна сказаць, што гэта фізкультура ў лепшым сэнсе гэтага слова.

 

– Я не ведаю як кросфiт трапіў у наш горад, але, хутчэй за ўсё, людзі нагледзеўшыся інтэрнэту і пабываўшы ў Еўропе, сталі спрабаваць займацца гэтым відам спорту і ў Гродне – распавядае кіраўнік секцыі Артур.

 

– Я пачаў праводзіць свае трэніроўкі з кастрычніка 2014 года.

 

А да гэтага трэніраваўся сам па сабе, вывучаў методыку розных практыкаванняў.

 

І аднойчы раз наткнуўся на рэкламу аб правядзенні спаборніцтваў па кросфіту.

 

Паглядзеў і мне стала цікава. Тады яшчэ больш актыўна стаў вывучаць спаборніцтвы, ролікі, трэніроўкі па гэтаму віду спорта.

 

Практыкаванні, якія там выконваліся, вельмі добра былі знаёмыя многім спартсменам.

 

І тэхніка выканання іх была вельмі простая.

 

Калі пачынае займацца чалавек, які ніколі не трэніраваўся і не выконваў якіх-небудзь фізічных практыкаванняў, то ён зможа паўтарыць некаторыя практыкаванні з першага разу.

 

Я і падумаў, што іншым людзям будзе гэта таксама цікава. Пачаў даведвацца, як можна арганізаваць трэніроўкі па кросфiту ў Гродне.

 

Аказалася, што для гэтага трэба было знайсці залу, абсталяванне і каб дзейнасць была легальнай – адкрыць ІП і ўсё.

 

Пасля стварыў групу «ВКонтакте», напісаў, што пачынаю набор у групу па кросфiту.

 

Адразу зацікавілася дастаткова шмат людзей, тэлефанавалі і пісалі.

 

Я запрашаў усіх жадаючых паспрабаваць, так як распавядаць можна шмат пра кросфiт, але лепш за ўсё прыйсці на трэніроўку i адчуць усё на сабе.

 

Прыходзіла на трэніроўкі першыя дні шмат людзей, але шмат і сыходзіла. Магу толькі здагадвацца чаму…

 

Трэніроўкі вельмі інтэнсіўныя і многім іх цяжка пераносіць.

 

Але калі займаецца цэлая група і паглядзеўшы, што ўсе працуюць, ужо хочаш ці не хочаш – сам міжволі працягваеш трэніравацца.

 

Плюс яшчэ пасля трэніровак з-за стомленасці ўзнікае боль у цягліцах, гэта так цела адаптуецца да нагрузак.

 

Але ўсё тыя, хто зведаў усю гэтую боль, працягваюць займацца i па гэты дзень.

 

Зараз група змяшаная ў нас, трэніруюцца як дзяўчыны, так і хлопцы.

 

Як праходзяць трэніроўкі? Яны вельмі разнастайныя і кожная не падобная на папярэднюю.

 

Можа многія і бачылі, як чалавек цягае гіры, потым бяжыць і падцягваецца на турніку, а потым яшчэ бяжыць крос і адразу ж лезе праз 2-х метровую сцяну і яшчэ падымае штангу і ўсё гэта з вялікай хуткасцю. Гэта і ёсць кросфiт.

 

Галоўнае тут не толькі вага, якая павялічваецца з кожнай трэніроўкай, але і час, за якi вы праходзіце ўсю дыстанцыю.

 

Ці ёсць будучыня ў кросфiта? Я веру, што ёсць.

 

Гэта ж здаровы лад жыцця і многія яго зараз прытрымліваюцца.

 

У будучыні мы плануем правесці шэраг спаборніцтваў, якія прыцягнуць яшчэ больш людзей займаць спортам.

 

Прапануем вам паглядзець відэа пра кросфіт і, магчыма, вы таксама захочаце сябе паспрабаваць у гэтым відзе спорту.