Футбольны “Нёман”: дыягназ – бездапаможнасць
Здавалася б, “Нёман” у суботнім матчы зробіць усё, каб вярнуць заўзятара на трыбуны і выкараскацца з нізоў турнірнай табліцы.
Але надзеі на гэта не спраўдзіліся і гарадзенцы заслужана былі пакараны жодзінскімі футбалістамі.
Не дапамаглі жоўта-зялёным і 90 хвілін знаходжання Дзмітрыя Кавалёнка на полі, і стартавы выхад Дзянісевіча, які быў заменены ў сярэдзіне другога тайма на Забеліна, і гучныя фанаты, якія ў гэты дзень былі лепшымі на стадыёне.
За ўвесь матч футбалісты Нёмана не стварылі аніводнага небяспечнага моманту ля брамы галкіпера “Тарпеда”.
А госці на працягу ўсяго матчу атакавалі і ўсё ж такі здолелі адкрыць лiк на 77-й хвіліне і захаваць сваю перавагу да канца гульні.
Толькі адзін прыемны момант у суботні вечар парадаваў тых, хто прыйшоў на стадыён – гэта беларуская мова ў выканні дыктара.
Пасля матчу гульцы “Нёмана” амаль поўным складам (за выключэннем Дзянісевіча і Анюкевiча) падышлі да фанатаў, каб папрасіць прабачэння за чарговае паражэнне.
Гутарка футбалістаў і фанатаў доўжылася каля 10 хвілін.
Галоўны трэнер гарадзенскага “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў заявіў, што камандзе патрэбна нешта, што ўзварухне футбалістаў:
– “Цяжкі, добры матч. Жодзіна – кваліфікаваная каманда з моцнымі выканаўцамі. Яны найгралі на перамогу.
Гульня была да гола.
У нашых футбалістаў адчуваецца скаванасць. Патрэбна нешта, што ўзварухне каманду.
Як і заўзятары, не магу глядзець на такі футбол. Шмат памылак. Самі сабе забіваем.
Васiлючэк у некалькіх момантах выратаваў, а потым прапусціў крыўдны гол.
Што зробіш, маладосць.
Памылкі брамнікаў, у адрозненне ад палявых гульцоў, заўсёды заўважныя”.
Такім чынам, у актыве падапечных Сяргей Саладоўнікава ўсяго 2 ачкі і гэта паўтор найгоршага старту каманды ў гісторыі чэмпіянатаў Беларусі.
Аналагічная колькасць ачкоў пасля 6 тураў было ў “Нёмана” у сезоне 2006 года.
Фота аўтара