Аляксей Серабракоў: дзякуй, Гродна, за падтрымку!

Аляксей, ці задаволены ты вынікам гульні каманды ў першым афіцыйным матчы ў Гродне?


Цяжка даць адназначны адказ… Мы сем разоў гублялі мяч, а з такой колькасцю страт я не маю права быць задаволеным гульнёй каманды.

 

Ці цяжка быць трэнерам каманды і адначасова гульцом?


Гульцом мяне можна назваць з вялікай нацяжкай. Я выходжу на поле даволі рэдка, звычайна на спец-камандах, альбо мяняю траўміраваных гульцоў.

 

Таму для мяне цяжэй быць трэнерам – вельмі вялікая псіхалагічная нагрузка. Бо “выйграе каманда, а прайграе трэнер!” і калі б у нядзелю наша каманда на апошнім драйве не прайшла ўсё поле і не занесла пераможны тачдаўн, паражэнне было б цалкам на маім сумленні!


За кошт чаго каманда абыграла сталічных “паганцаў”?


 У першую чаргу за кошт характару. Дзе не спраўлялася нападзенне – “падчышчала” абарона! Ну і на апошні рывок нападзенне сабралася, як быццам ад гэтага залежала іх жыццё!

 

Цi дапамаглі родныя сцены?


Вельмі дапамагла падтрымка трыбун. Была велізарная колькасць заўзятараў, што прыемна здзівіла ўсю каманду. Я думаю, што ўсе засталіся задаволеныя. Абедзве каманды паказалі цікавую гульню, якая трымала ў напружанні да апошніх секунд. Дзякуй, Гродна, за падтрымку!

 

Што атрымалася добра ў арганізацыі, а што не вельмі? Над чым будзеце працаваць?


Былі праблемы з гукам, кепска працаваў мікрафон у рэферы. У наступны раз абавязкова выправім.

 

На жаль, не паспелі своечасова зрабіць сцяг каманды. Гэтак жа на наступную гульню абавязкова падрыхтуем табло, на якім будзе адлюстроўвацца лік сустрэчы. Ну і будзе больш рэкламы.

 

 Чым амерыканскі футбол можа прыцягнуць спонсараў?


У першую чаргу спонсары могуць выкарыстоўваць атрыбутыку, форму і гульцоў у рэкламных мэтах. Мы можам размяшчаць лагатып спонсара на ўсіх гульнях і мерапрыемствах каманды.

 

Амерыканскі футбол цяпер вельмі дынамічна развіваецца ў Еўропе, а ў ЗША ён даўно і на доўга спорт № 1. Спадзяемся, што ўжо ў 2017 годзе амерыканскі футбол стане алімпійскіх відам спорту. Гэта ўсё можа прыцягнуць спонсараў.

 

Што б вы яшчэ хацелі сказаць гарадзенцам, якія дзякуючы вам бліжэй пазнаёміліся з амерыканскім футболам?


Яшчэ раз хачу падзякаваць усім, хто прыйшоў на гульню,  хто аказваў інфармацыйную падтрымку.

 

Каманда праводзіць пастаянны набор гульцоў і мы рады кожнаму, хто прыходзіць да нас на трэніроўкі.

 

Дзякуй усім за падтрымку, мы гуляем для Вас!!!