Тайну “Сямі камянёў” спрабавалі разгадаць у Гродне

Казачную атмасферу стваралі запаленыя свечкі і музыка ад гарадзенскага гурта “Раса мечтателей”. Чытаў кнігу актор тэатру лялек Аляксандр Рацько.

Аўтар расказаў, чаму ён вырашыў напісаць кнігу:

– У нас няма прыгодніцкай літаратуры, акрамя агульнавядомых “Палесскіх рабінзонаў” Янкі Маўра.  А ў мяне самога трое сыноў, і мы ўжо перачыталі ўсё, што было ў нашых бібліятэках. Яшчэ адна прычына – мне проста хацелася падзяліцца некаторымі думкамі.

Кніга напісана для дзяцей школьнага ўзросту, але, паводле аўтара, з задавальненнем чыталі яе і дарослыя. Кніга выйшла ў выдавецтве “Пазітыў-цэнтр”. У ёй змешчана мапа казачнай краіны Эферыі і шмат ілюстрацый ад Рамана Сустава.

– Беларуская літаратура калі і выдаецца, то часта на дрэннай таннай паперы. Мы ж імкнуліся зрабіць гэтую кнігу прываблівай вонкава.

Па сюжэту хлопчык Ясь трапляе ў казачную краіну Эферыю, сталіца якой вельмі падобна на Гродна. Там таксама ёсць вуліца Замкавая, якая вядзе да маленькай крамы. Аляксей – гарадзенец, і жыў менавіта на гэтай вуліцы. “Гародня – мой сантымент”, – прызнаецца ён.

 

На прэзентацыі можна было выйграць паштоўкі і торбачку ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, адказаўшы на пытанні аўтара. Таксама можна было набыць кнігу па спецыяльным кошце і пакаштаваць цудадзейны эліксір “Таямніца сямёрых”.

Аляксей збіраецца працягваць пісаць кнігі ў жанры фэнтэзі. Ён кажа, што ёсць яшчэ шмат тэмаў, якія хацелася б закрануць.