Гарадзенская школа № 6 адзначае сваё 90-годдзе
Прыходзілі і цэлымі сем’ямі. Як распавядаюць настаўнікі, школа ў іх – “сямейная”:
– У нас усе адзін аднаго ведаюць, усе сваякі. Многія выпускнікі нашай школы – знакамітыя сёння асобы – доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед, таленавіты кампазітар Яўген Петрашэвіч, старэйшы трэнер Гродзенскай вобласці па настольным тэнісе Марыя Фарэйтарава і многія іншыя.
“Твой стыль” знаёміць з некаторымі вехамі гісторыі школы.
Пад Польшчай
У пачатку 1930-х гадоў польскі ўрад пачаў праводзіць палітыку паланізацыі і асіміляцыі нацыянальных і рэлігійных меншасцяў. Да пачатку Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Заходняй Беларусі, у тым ліку і ў Гродне, амаль не засталося беларускіх школ.
У горадзе па стане на 1930-31 навучальны год было 7 школ, у якіх навучалася 3340 дзяцей. Асноўная частка школ была прыватнымі і платнымі.
Школа №6 была пабудавана ў перыяд з 1925 па 1929 гады на вуліцы Ліповай (цяпер Гарнавых). Да гэтага часу школа размяшчалася ў іншым будынку, хутчэй за ўсё – у прыватным будынку, які не захаваўся.
1924 год
Школа была адкрыта польскімі ўладамі як “Школа Павшэхна №7 імя С. Жэромскага”. Кожная школа горада мела свайго духоўнага настаўніка. У школе №7 духоўным настаўнікам быў ксёндз Веслаў Пельц, які і асвяціў будынак школы ў 1930 годзе.
У 1930-31 навучальным годзе тут навучаліся 422 вучні. Дырэктарам школы быў Мар’ян Буда. У тым навучальным годзе ў школу прыйшлі ўсе запісаныя дзеці (магчымы быў такі варыянт, што бацькі запісвалі дзяцей у школу, а потым з пачаткам навучальнага года дзяцей не прыводзілі. Такім бацькам польскія ўлады выпісвалі вялікія штрафы). У тыя гады ў школе было 11 кабінетаў з агульным напаўненнем на 53 чалавекі. Асноўнымі навучальнымі прадметамі былі: польская мова, алгебра, геаметрыя, рэлігія, батаніка, фізіка, хімія, гісторыя, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, музыка і фізічная культура.
Вучні па нацыянальнасці: 85% палякі, астатнія беларусы і рускія, яўрэйскіх дзяцей у школе не было. 80% – дзеці рабочых, 15% – служачых і вайскоўцаў, 5% – гандляроў.
Польскае пасведчанне аб заканчэнні школы
Прыход бальшавікоў
З прыходам Чырвонай Арміі ў 1939 годзе школы ў Гродне былі рэарганізаваны па савецкай сістэме. Пасля 1939 г. назва і нумар школы былі змененыя. “Школа Павшэхна №7 імя С. Жэромскага” была ператворана ў рускую няпоўную сярэднюю школу (НСШ) №6.
Па стане на студзень 1940 году тут навучалася 645 дзяцей. Іх колькасць павялічылася галоўным чынам за кошт вучняў 1-4 класаў. З-за моцных маразоў, адсутнасці абутку і адзення, а таксама з-за дэпартацыі многіх гарадзенцаў ва усходнія вобласці СССР да канца навучальнага года каля 150 дзяцей пакінулі школу.
Прыход немцаў
Многія вучні школы, якім не было яшчэ і 17 гадоў, ідуць на фронт. А тыя, хто застаўся, ваявалі, як маглі ў падполлі: расклейвалі ўлёткі, зрывалі загады нямецкага камандавання.
Падчас фашысцкай акупацыі школа была зачынена і пераўтвораная ў фабрыку па выпуску і рамонце нямецкай зброі.
З успамінаў выпускніцы школы Галіны Янчэўскай: “на тэрыторыі школы кватаравалася нямецкая лётная частка, кожны нямецкі салдат і афіцэр быў прыпісаны да адного з дамоў на вуліцы Ліповай. І жыхары павінны былі карміць гэтых нямецкіх салдат”.
Пасля вайны
Адраджэнне працы школы ў паваенныя гады адбывалася ў складаных умовах. Знойдзена некалькі дакументаў, якія пацвярджаюць гэта:
З дакладу аб стане работы школ г. Гродна на 01.04.1945 г.:
“48 дзяцей не наведвае школу з-за адсутнасці адзення і абутку. Няма падручнікаў па польскай мове, беларускай літаратуры, іх няма нават у выкладчыкаў. Атрымана па тры сшыткі на вучня. Настаўнікі атрымліваюць хлебныя і харчовыя карткі. Але яны часта не могуць атрымаць хлеб, бо доўга знаходзяцца на працы, а калі прыйдуць з працы, хлеб ужо раздадзены. Картка за дзень знікае”.
Былі знойдзеныя i ўспаміны першага пасляваеннага дырэктара Барыса Іванавіча Мысава:
“Пасля прызначэння сабраў бацькоўскі сход. Людзі плакалі, што, нарэшце, атрымалі школу. У канцы сходу вырашылі, што тыя, у каго нацыянальнасць беларус, будзе вучыцца ў беларускай школе на 1 паверсе, а на 2 паверсе будзе руская школа.
Беларуская культура была вельмі закінутая. Ніхто не хацеў ісьці ў беларускую школу. З беларускай школы ўцякалі ў рускую школу. У той час будынак школы быў акружаны сельскагаспадарчымі машынамі, якія немцы ставiлi сюды для маскіроўкі. Дзеці лазілі па іх, часта зрываліся, падалі і настаўнікі адчувалі вялікую маральную нагрузку з-за гэтага. Урокі зрываліся тады, калі міма вокнаў школы праходзілі войскі. Дзеці глядзелі на іх, не адрываючыся і мы нічога не маглі зрабіць. Не было на чым сядзець, не было чым пісаць. Пісалі на бакавых газетных палосках.
Але яшчэ горш стала, калі наступіла зіма. У школе былі разбітыя вокны, абаграваць школу не было чым. З камітэтам бацькоў школу рамантавалі. Вокны забілі дошкамі, калі даставалі, то устаўлялі шкло. Усё гэта рабілі самі бацькі. Дзяржава падкормлівала дзяцей як магла. Кавалачкам хлеба і гарбатай яны былі забяспечаныя. Спачатку здабылі частку парт і мэблі ў польскай школе на вуліцы Валковiча, зараз там музычная вучэльня. Дырэктар польскай школы Савіцкі даў некалькі скрынь чарнілаў, паперы. Школьнікі пілавалі дровы, якія прывозіліся з вёскі”.
Пасляваенная лінейка
Спартыўныя заняткі
У 1947-48 годзе ў навучальным памяшканні пачала працаваць школа рабочай моладзі №2. Да пачатку навучальнага года ў ёй навучаліся 58 чалавек. Такім чынам, школа ў тыя часы размяшчала тры школы. Беларускамоўная №9 на першым паверсе, рускамоўная №6 на другiм паверсе, рабочая школа №2 працавала ў вячэрні час.
50-я гады
Выпускніцы
Зараз у школе працуюць 48 педагогаў, з іх 19 з вышэйшай катэгорыяй, 13 – з першай, 9 – з другой, 7 – без катэгорыі. Школа мае багатае мінулае і з надзеяй глядзіць у будучыню.