Найбуйнейшую ў Беларусі масонскую калекцыю прывезлі ў Гродна
Выстава “Масонская калекцыя са збораў В.П.Федаровіча” прыехала ў Гродна з Віцебску. Яе прадставіў Віцебскі абласны краязнаўчы музей, які атрымаў частку багаццяў Федаровіча пасля рэвалюцыі.
Мадэль храму Саламона ў цэнтры выставы
Сам Федаровіч быў вядомым калекцыянерам і заснавальнікам першага прыватнага музея ў Віцебску, які адчыніўся напрцыканцы ХІХ ст. Акрамя археалагічных, нумізматычных і этнаграфічных збораў, у калекцыю Федаровіча ўваходзіла падборка масонскіх рэліквіяў. Гэта знакі, сімвалы, дакуманты таемных таварыстваў XVIII-XIX стст. Калекцыя на той час лічылася найлепшай у Расеі.
Масонскія сімвалы – ключ, масцерок, цыркуль, штылет
З пачаткам вайны калекцыя разам з іншымі фондамі музея былі эвакуяваныя ў Саратаў. Пасля сканчэння баявых дзеянняў зборы вярнуліся, але, як звычайна гэта здаралася, не ў поўным аб’ёме… На дадзены момант музей мае 95 прадметаў, звязаных з гісторыяй “вольных муляроў” у сваіх зборах.
Адамава галава, ключ, сякеры – масонскія сімвалы
На сёлетняй выставе дэманструюцца арыгінальныя артэфакты, з большага металічныя знакі ложаў Расеі і Вялікага Княства Літоўскага, якія выкарыстоўваліся таксама і ў таемных рытуалах. Не даехалі з Віцебску адно вырабы з тканіны (ленты, вышыўка), з-за небяспекі пашкодзіць іх падчас транспарціроўкі, таму іх можна ўбачыць толькі ў выглядзе рэпрадукцыяў на стэндах.
Знакі ложаў ВКЛ і Польшчы
Знак віленскай ложы ”Гарлівы ліцвін”
Знакі расейскіх ложаў
Знак Вялікай Дырэктарыяльнай ложы ”Владимира к порядку”
Фота Вольгі Мілавай