Турэцкі бізнесмен: Беларусам трэба больш усміхацца
Карэспандэнт “Твайго стылю” сумесна з праектам VOGS паразмаўляў з іншаземцам пра тое, чым адрозніваюцца беларусы ад туркаў, што трэба, каб адкрыць бізнес у Беларусі і што ў Турцыі ведаюць пра нашу краіну.
– Як вы патрапілі ў Беларусь?
– Я пазнаёміўся ў Турцыі з дзяўчынай. Як аказалася пазней, яна была веласіпедысткай з Беларусі, якая ў свой час удзельнічала ў алімпійскіх гульнях у Лондане. Дзяўчына хацела закончыць спартыўную кар’еру, а я тым часам займаўся тэкстыльным бізнесам у Турцыі (Стамбул). Так атрымалася, што з Аксанай у нас закруціўся раман і мы разам прыехалі ў Беларусь. Першую сваю краму мы хацелі адкрыць у Мінску, але сталіца мне нагадвала мой родны Стамбул. Дзяўчына была родам з Гродна, таму мы і вырашылі паспрабаваць адкрыць свой бізнес у гэтым горадзе. У адзін цудоўны дзень я прайшоўся па цэнтральнай вуліцы вашага горада (вул. Савецкая) і зразумеў, што гэта чысты і ціхі горад, дзе можна развівацца. На двары быў 2013 год. Пасля праходжання ўсіх працэдур я атрымаў ліцэнзію. Крама наша адкрылася і, шчыра кажучы, годных канкурэнтаў у нас тады не было. Можна было любы бізнес адкрываць у Беларусі. Гэта не тое, што ў нас у Турцыі – адны гандляры.
– З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся ў Беларусі, калі хацелі адкрыць свой бізнес?
– Першая мая праблема – гэта няведанне мовы. Літаральна два гады таму я наогул ні слова не ведаў на рускай мове. Было праблематычна схадзіць нават у краму. І яшчэ адзін мінус – ваша моладзь не ведае англійскай мовы. А вось цяжкасцяў з адкрыццём бізнесу не ўзнікала. Працэс падачы дакументаў у Турцыі і Беларусі практычна аднолькавы.
– Акрамя Беларусі маеце дзе-небудзь яшчэ бізнес?
– Быў у мяне бізнес у Турцыі, але мне надакучыла, хочацца і адпачыць. Там вельмі вялікі паток людзей, але на радзіме можна зарабляць добрыя грошы.
– Вы чулі што-небудзь пра Беларусь да таго як прыехалі сюды?
– Я ведаў, што Беларусь – гэта маленькая краіна, частка Расіі. Ды і многія туркі думаюць, што Беларусь – гэта вобласць Расіі. Я родам з Аланьі, турыстычнага горада. Туды прыязджае шмат беларусаў, уласна там я і пазнаёміўся са сваёй дзяўчынай, якая мне пасля падрабязна распавяла пра такую краіну як Беларусь.
– Чым адрозніваюцца беларусы ад туркаў?
– Беларусы думаюць, што ў іх кепская краіна, дрэнныя законы. Яны ўпэўненыя, што за мяжой вельмі добра. Але паверце, Беларусь – выдатная краіна і яе трэба любіць такой, якая яна ёсць. У мяне ў Турцыі дом знаходзіцца ў 200 метрах ад мора. А я тут у кардзiгане сяджу. Напэўна, туркі і адрозніваюцца ад беларусаў тым, што яны больш смелыя і не баяцца рызыкаваць. Беларусы не любяць свае грошы, кожны дзень бачу ў банку, як яны купляюць даляры. І гэта не правільна. Народ павінен любіць сваю краіну. У Турцыі ўсе адзін аднаму усміхаюцца, усе як сябры. А ў Беларусі я не магу спакойна купіць талончык у тралейбусе, кiроўца нахабным голасам мне кажа – “што ты хочаш?” Нельга ж так з людзьмі. Ён жа працуе і за сваю працу атрымлівае грошы. У той жа краме прадаўцы павінны ўсміхацца, яны павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб у іх купілі той ці іншы тавар.
– Як вам моладзь?
– Як я ўжо казаў, ваша моладзь не любіць сваю краіну. Хлопцы, якія працуюць у крамах, вельмі злыя, заўсёды з незадаволеным выразам твару. Куды не выйдуць, усюды скардзяцца, што заробкі малыя. Вось, да прыкладу, на днях чуў, што адзін хлопец атрымлівае ад 3 да 4 мільёнаў і ўсё скардзіцца. Калі ён хоча больш – хай робіць бізнес. У чым праблема?
– Каб рабіць бізнес, неабходны пачатковы капітал, а дзе ўзяць беднаму беларусу вялікія грошы?
– Я ўсё выдатна разумею, але бізнес магчымы і без капіталу. Галоўнае – мець галаву на плячах. Я па адукацыі вэб- дызайнер і ведаю некалькі моў.
– Адукацыя грае вялікую ролю ў адкрыць бізнесу?
– Мне здаецца, не. Людзі прыходзяць ва ўніверсітэт і вучацца каля 5 гадоў. Пасля вучобы чалавек павінен працаваць за 2-3 мільёны рублёў. Маладым спецыялістам спачатку вельмі цяжка, і ў выніку многія звальняюцца. Я лічу, што галоўнае, каб мазгі добра працавалі. Я не хачу, каб людзі пра мяне думалі, што я нейкі бізнесмен, які ставіць сябе вышэй за ўсіх. Наадварот, я хачу сказаць, што галоўнае – гэта жаданне. Я хацеў быць бізнесменам і я ім стаў. Але не варта думаць, што быць бізнесменам – гэта лёгка. Часцяком я ўстаю каля 5 раніцы, каб развесіць акуратна тавар. Калі я яго не развешу, то ніхто гэта не зробiць. Гэта мая праца, мой бізнес. Многія мільянеры ўзялі ў свой час крэдыт і за кошт гэтага яны і раскруціліся.
– Чым вы займаецеся ў Гродне ў вольны час?
– Я яшчэ і прадзюсар. Люблю паслухаць музыку. Даводзілася нават пару разоў згуляць у гродзенскім начным клубе – «Галактыка». А яшчэ, як і любы турэцкі хлопец, я люблю футбол, але схадзіць на футбол у Беларусі яшчэ не было магчымасці.
– Што пажадаеце беларусам?
– У першую чаргу больш усміхацца. Даваць дарогу маладым, бо за імі будучыня.