Гаспадар першага ў Гродне электрамабіля: усё пачалося… з кубачка кавы
– Усё пачалося за кубкам кавы ў 2013 годзе, калі мы з сябрам шукалі замену майму аўтамабілю. І так атрымалася, што выйшлі на электрамабіль.
Кошт машыны быў прывабны, нічым не адрозніваўся ад іншых звычайных аўтамабіляў. Мы знайшлі ў Злучаных Штатах патрэбную нам машыну, з салона не бралі, бо было дорага, узялі электрамабіль, які ўжо выкарыстоўваўся 2 гады. І не прагадалі – распавядае ўладальнік першага экалагічна чыстага аўтамабіля ў Гродне.
– Доўга прыйшлося чакаць машыну?
– Не вельмі. Машына хутка трапіла ў Літву, а ўжо з Літвы везлі ў Беларусь.
Мой электрамабіль Nissan Leaf “прыплыў” трэці ў нашу краіну. Зараз жа ў Беларусі іх усяго 7, менавіта гэтай маркі.
– Як запраўляеце свой аўтамабіль?
– Мне пашанцавала ў тым, што я жыву ў прыватным доме. Увечары прыязджаеш, ставіш машыну ў гараж і на зарадку ў разетку. Зараджаецца машына ад звычайнай разеткі 220 V. Час зарадкі парадкам 8 гадзін.
Пасля ўсёй працэдуры мне хапае акумулятара на дзень, а за гэты час я магу вырашыць усе свае справы ў горадзе.
– Напэўна, за электраэнергію сталі значна больш плаціць?
– Калі шчыра, то не. З з’яўленнем электрамабіля, мы сталі наадварот менш плаціць за электраэнергію.
Справа ў тым, што мы пачалі карыстацца пагадзінным тарыфам. І за кошт гэтага «паліва» на машыну каштуе вельмі-вельмі танна.
З з’яўленнем электрамабіля нават перамяшчэнне на гарадскім транспарце стала для мяне вельмі дарагім.
– Ці магчымыя далёкія паездкі на такой машыне?
– Усё магчыма, машына мае магчымасць хуткай зарадкі, але, на жаль, у нас інфраструктура не дазваляе.
У нас у сям’і ёсць і звычайны аўтамабіль, калі трэба, то я заўсёды магу і ім скарыстацца.
– Якая самая далёкая паездка ў вас была?
– Далёка стараюся не выязджаць, у асноўным – у прыгарадзе, у раёне 50 кіламетраў. Калі выязджаць на далёкія дыстанцыі, то было б добра мець запраўкі на адлегласці 60 км., дзе магчыма было б хутка зараджацца за 30 хвілін. Але ў нас яшчэ такога няма. Затое ёсць куды развівацца.
– Што параіце гарадзенцам пры пакупках электрамабіля?
– Кожны вырашае сам для сябе. Можна ўкласці грошы і эканоміць. А можна ўкласці грошы і застацца ў пазыках.
Вядома, хацелася б, каб такі транспарт развіваўся ў нас. Гэта не толькі танна, але і экалагічна чыста.
Даведка ТС:
Расход на 100 км: лета -12.000 рублёў, зіма – 15 000 рублёў.
За 7 гадоў машына акупляе сябе.
Эканомія ў год каля 2000 даляраў.
Nissan LEAF – электрамабіль японскага канцэрна Nissan, серыйна выпускаецца з вясны 2010 года.
Сусветная прэм’ера адбылася на міжнародным Такійскім аўтасалоне ў 2009 годзе.
У канцы лістапада 2010 Nissan LEAF быў абвешчаны першым сярод электрамабіляў пераможцам конкурсу “Еўрапейскі аўтамабіль года 2011” (англ. European Car of the Year).
У канцы красавіка 2011 Nissan LEAF быў таксама абвешчаны першым пераможцам конкурсу “Сусветны аўтамабіль года 2011” (англ. World Car of the Year).