За чыстку самай таямнічай рачулкі Гродна ўзяліся камунальнікі
Сёння далёка не кожны гарадзенец адкажа на пытанне, што такое “Ліцвінка” і дзе яе шукаць. Тым не менш, гэта адзін з найстарэйшых тапонімаў нашага горада, першыя ўзгадкі пра які гісторыкі датуюць 1498 годам. Свой пачатак Ліцвінка бярэ недзе ў прыватным сектары ў раёне праспекта Будаўнікоў, а ў Нёман упадае амаль каля Новага мосту на ўскрайку Пышкоў.
Русла Ліцвінкі камнульнікі пачысцілі і нават пашырылі, траву па берагах пасеклі, а дзе-нідзе нават парабілі бетонныя масткі. Падчас чысткі, дарэчы, у некаторых месцах адкрылася каменная абмостка берагу, датаваць якую пакуль цяжка.
Тут жа – першыя выпадковыя знаходкі. Напрыклад, фрагмент дэкору будынка, выкананы з пясчанніка. Дэкор вокнаў і кансоляў з гэтага матэрыялу, да прыкладу, быў у гарадзенскім Старым замку за часамі Баторыя. Адкуль апрацаваны камень узяўся тут? Таямніца, мажліва людзі некалі прыцягнулі з замку, які неаднойчы разбураўся.
Наконт назвы самога ручая – таксама адныя загадкі. Гістарычны назоў “Літоўскі ручай” або “Ліцвінка” час-почас губляўся, бо нават на мапе 1926 года ручай падпісаны як “Przesiołkowski”. То бок той, які цячэ па Пярэселцы. На частцы мапаў ён наогул аніяк не падпісаны, таму і лічыцца безыменным.
У мясцовых жыхароў свой погляд на тапонімы. Дзед Зміцер, якога сустракаем па дарозе, адназначна называй ручай Ліцвінкай. Чаму? “Бо мы жылі некалі ў Вялікім княстве Літоўскім…”. Ягоная суседка мае іншы варыянт: “А ніяк не называем… Ванючка, хіба!” Праўда, пасля прызнаецца, што не мясцовая, а пераехала сюды ў сталым узросце. Такія, вось, палярныя версіі.
Цікава, што згодна дзеду Змітру, вада ў Ліцьвінцы некалі была даволі чыстай, людзі набіралі ў ёй вёдры, каб паліваць агароды. Зараз на такое ніхто не адважваецца: камунальныя сцёкі зрабілі сваю “брудную” справу…
Дарэчы, амаль на беразе Ліцвінкі пад старой грушай знаходзіцца і авеяная легендамі магіла тэлеграфіста Зуева, які скончыў жыццё ў 1847 годзе. Застаецца спадзявацца, што “чысткі” і “добраўпарадкаванні” не парушаць спакою колішняга начальніка пятай тэлеграфнай станцыі.
Фота Вольгі Мілавай