Гарадзенскія арнітолагі падлічылі і акальцавалі рэдкіх сокалаў-пустальгоў

|

Сокал-пустальга – рэдкая для Беларусі птушка, унесеная ў Чырвоную кнігу. Яна прылятае да нас апошнім дзесяцігоддзем з Заходняй Еўропы, дзе гэта цалкам звычыйны від. У Беларусі пустальга найбольш распаўсюджана ў Брэсце і Гродне. З года ў год іх колькасць стабільна павялічваецца. Сёлета арнітолагі  ацэньваюць  папуляцыю ў Гродне ў 20 гнездаў.

 

 

Пустальга селіцца на гарадскіх будынках. Гэтыя птушкі не будуюць свае гнезды, а займаюць пэўныя нішы, якія пасуюць па памеры і месцы – яно павінна быць блізка да крыніцы палявання. Часцей за ўсе гэта вентыляцыйныя адтуліны на тэхналагічных паверхах. Іх любімыя месцы ў горадзе – Дзевятоўка і будынкі, якія будуюць па вул. Паўднёвай.

 

Нішы, якія займаюць птушкі, не заўсёды з’яўляюцца адпаведнымі. З-за гэтага ўзнікае шэраг праблем, пра якія расказаў Зміцер Вінчэўскі, намеснік старшыні гродзенскага аддзялення АПБ:

 

– Часта выпадаюць птушаняты. Мы стараемся іх вяртаць у гняздо, або падсажваем на дах – яны пачынаюць крычаць, і бацькі іх кормяць. Калі мы бачым, што ніша замалая і птушкі не спраўляюцца, ставім гнездавую скрыню – птушаняты не выпадаюць.


Такую скрыню арнітолагам давялося паставіць па адрасу вул.Ліможа, 23А. З-за вузкай нішы была рызыка, што птушаняты выпадуць, калі падрастуць. А ў гняздзе па вул. Белыя Росы, 47 з’явіўся яшчэ адзін жыхар – птушаня, якое выпала з гнязда на прадпрыемстве “Азот”.

 

Людзям не заўсёды падабаецца такое суседства. Птушаняты могуць шмат крычаць, калі яны галодныя. Да таго ж, птушкі могуць губляць ежу падчас кармлення. Таццяна Смыкоўская, дырэктар гродзенскага аддзялення АПБ, кажа, што людзям трэба ставіцца з разуменнем:

 

– Птушкі могуць смеціць, і людзям гэта не заўсёды прыемна. Трэба разумець, што гэта рэдк від. Птушка займае тыя нішы, якія можа заняць.


Арнітолагі  нават хацелі зрабіць шыльды з надпісам  “У гэтым доме жыве пустальга-сокал” і размясціць іх у горадзе, але пакуль не знайшлі на гэта грошай.

 

Падчас агляду восем птушанят пустальгі-сокала акальцавалі.

 

– Кальцаванне – гэта адзін з метадаў даследавання птушак. З яго дапамогай можна даведацца, як доўга птушкі жывуць, дзе распаўсюджаны, куды пералятаюць, – расказвае Зміцер Вінчэўскі. – Гэта індывідуальная адзнака, якая даецца на ўсё жыццё.

 

У Беларусі звычайна кальцуюць птушанят, таму што іх не трэба адлаўліваць. Гэтым разам акрамя звычайных металічных кольцаў птушанятам адзелі яшчэ і пластыкавыя.

 

– Польскія калегі перадалі нам 50 кольцаў чырвонага колеру з кодам. Дзякуючы ім можна не адлаўліваць птушку, а распазнаць яе з дапамогай оптыкі, – адзначыў Зміцер Вінчэўскі.

 

 

Мясцовыя жыхары, якія падыходзілі і цікавіліся тым, што адбываецца, атрымлівалі раздаткі. У іх напісана, што рабіць, калі жывеш побач з птушкай. 

 

Як адрозніць сокала-пустальгу ад іншых птушак? Чаму пустальга выбірае для жыцця нашыя гарады? Колькі сокалаў у Гродне і як ім дапамагчы? Адказы на гэтыя пытанні ў мультымедыйным матэрыяле Сяргея Саковіча.