Самы вядомы гарадзенец. Хто ён?

|

Іх ведаюць, пра іх кажуць і пішуць. З іх бяруць прыклад і імкнуцца заваяваць іх давер. Хто ж гэтыя знакамітыя гарадзенцы? “Твой стыль” пагутарыў з гараджанамі і знакамiтымi асобамi i даведаўся, каго яны лічаць самым вядомым чалавекам у Гродне.


Вікторыя Сідаркевіч (студэнтка)


– Вядомых людзей у горадзе шмат. Але ў мяне дзве кандыдатуры на гэты конт: мой знаёмы Яўген Якуш – вядомы таленавіты танцор і проста вельмі добры чалавек. А другігэта Сяргей Марозаў, фатограф, мой выкладчык ва ўніверсітэце. Ён вельмі таленавіты, прагрэсіўны чалавек.

 

Сяргей Марозаў (фатограф)


– На прасторах інтэрнэту адназначна Яўген Якуш. Не гаворыць пра яго толькі лянівы. Яўген вельмі вядомая асоба ў горадзе. А так я на кумірах не замарочваюся, за светам свецкіх львоў не сачу, таму пра папулярнасць таго ці іншага персанажа судзіць не магу.

 

Яўген Якуш (танцор)

 

– Я лічу, што гэта DJ Modno (Андрэй Скрабук). Ён яркі, стыльны і мае свой хвацкі густ. Андрэй прафесійны музыкант, які ведае толк у сваёй справе. А таксама ён адзін з першых, хто пачаў падымаць DJ культуру ў Гродне.


align=”middle” >

Дзмітрый Марозаў (студэнт)


– Безумоўна, Дзмітрый Чэкан. Я так лічу, таму што гэты чалавек рэалізаваў сябе як таленавіты вядучы, аўтар новых ідэй і новых праектаў. Валодаючы неверагоднай харызмай, выдатным пачуццём гумару і энергіяй, ён літаральна прыцягвае да сябе людзей.


Таксама Вазген Waka – арганізатар самых яркіх і запальных вечарынак у Гродна. У цэлым, у нас шмат таленавітых, яркіх і цікавых людзей.


Дзмітрый Чэкан (радыёвядучы)


– У мяне няма пачуцця сціпласці. Перавага эгаізму і схільнасць да нарцысізму не пакідае мне выбару даць іншы адказ. Таму ні на секунду не сумняваючыся і даю адказ на пытанне: самы папулярны гарадзненец – гэта я.


Улад Васiлючэк (футбаліст)


– З вядомых гарадзенцаў магу назваць Дзмітрыя Кавалёнка. Ён адзін з лепшых, а можа і лепшы нападаючы ў “Нёмане” за ўсю гісторыю клуба. Гэты добры чалавек заўсёды настроены на пазітыў. Дзіма – чалавек, які жыве футболам i мае жоўта-зялёнае сэрца.


Вера Жвалеўская (студэнтка)


– Адразу ж на розум прыходзяць медыйныя асобы: Чэкан, Грушынава, Дранiкофф, Вазген, Якуш, Оля Лета, Фалееў і яшчэ dj Арстан. Але, напэўна, у горадзе самы вядомы – гэта Вазген Waka, які падымае клубную індустрыю нашага Гродна.


Ілля Гелей (фатограф)


– На мой погляд, адным з самых папулярных людзей нашага горада з’яўляецца Яўген Бузук. За нядаўні час Яўген стаў актыўна прымаць удзел у большасці буйных культурных мерапрыемстваў, стаў арганізоўваць персанальныя выставы, а таксама мільгаць з інтэрв’ю на старонках шэрагу нашых гарадзенскіх інтэрнэт-рэсурсаў. Да ўсяго гэтага, Яўген адзін з топавых вясельных фатографаў Гродна і ўжо не адна пара маладых паспела прайсці праз яго рукі. Шчыра, у нашым горадзе пра нейкую папулярнасць, напэўна, казаць не прыходзіцца. Мястэчка невялікае і таму ўсе і так адзін аднаго ведаюць.


Эмілі (мадэль)


– Напэўна, гэта Оля Лета. Яна прафесіянал сваёй справы, а таксама заснавальнік гарадзенскай школы танца. Гэтая выдатная дзяўчына яшчэ і мама. Думаю, яна прыклад для многіх гарадзенцаў. Яна таксама працуе і за мяжой, а гэта вельмі крута.


Таццяна (студэнтка)


– Яўген Якуш – папулярны гарадзенец, бо гэты чалавек актыўна штурмуе тэлебачанне, праводзіць шматлікія акцыі. Таксама ён выкладае ў школе танца, усяляк рэкламуе сябе з дапамогай буйных акцый. Ды і большасць гарадзенцаў ведаюць, бачаць і чуюць пра яго. Камусьці дзейнасць Яўгена Якуша падабаецца і яго ў гэтым падтрымліваюць, а камусьцi – не.

Вядома, гэта не ўсе адказы, большасць былі нешматслоўныя і проста казалі імя. Лідэрамі нашага апытання сталі Яўген Якуш і Дзмітрый Чэкан. Менавіта гэтых людзей больш згадвалі гарадзенцы. Былі і тыя, хто называў самай вядомай асобай горада Элізу Ажэшка.

Тройка самых вядомых гарадзенцаў выглядае так:

 

 Яўген Якуш – вядомы гарадзенскі танцор і харэограф

 Дзмітрый Чэкан – вядомы  радыёвядучы

 Вазген Waka – арт-дырэктар клуба “Movie60 ” (Моладзевы цэнтр Гродна)