Мастак Сяргей Грыневіч малюе Украіну, каб прачнулася Беларусь

Мастак Сяргей Грыневіч — пра еўрапейскі гапак Украіны, касмічны “мусар” з Беларусі ды цэнзарскія нажніцы ад “мастацтвазнаўцаў у цывільным”.


Сяргей Грыневіч наракае, што ягоныя запаснікі цяпер напаўпустыя — нядаўна завяршылася вялікая персанальная выстава ў іспанскай Сарагосе, адкуль творы разляцеліся па прыватных калекцыях. Зрэшты, працы ў папулярнай майстэрні, якая месціцца ў самым цэнтры старадаўняга Гродна, не залежваюцца пры любым раскладзе — смелыя эксперыменты майстра вабяць аматараў жывапісу з усіх куткоў свету.

 

Крамлёўская “гуманітарка” і дзень Перамогі

 

Спадар Сяргей — бадай, адзін з нямногіх беларускіх мастакоў, хто не цураецца рэпартажнасці і трымае руку на пульсе геапалітычных падзей. Сярод прыярытэтных тэм апошняга году — вайна на ўсходзе Украіны. Адна з першых рэфлексій у гэтым кантэксце — расійская “гуманітарная дапамога” “свабодалюбнаму Данбасу”. Назва і змест красамоўныя — “Эшалон”: чыгуначныя платформы перакідваюць танкі, каб падтрымаць “русский мир”, у самаабвешчаныя “дээнэры” ды “элэнэры”. Цяпер карціна экспануецца на выставе да… 70-годдзя Перамогі ў Вялікай айчыннай вайне:

 

— Так, гэта я намаляваў дзесьці год таму, калі вайна ва Украіне ўжо ішла поўным ходам. Таму гэта як бы адгалосак тых падзеяў, мая асабістая рэфлексія.


— Наколькі ведаю, карціну ўзялі на выставу да 70-годдзя Перамогі?

 

— Ну, напэўна, палічылі, што з майго боку гэта будзе, як кажуць, меншае зло. Бо тое, што я ім прапаноўваў, было б яшчэ больш радыкальна.

 

“Эшалон” з “гуманітаркай”


— Ці варта чакаць, што супрацьстаянне Украіны ваеннай і прапагандысцкай экспансіі Крамля будзе і надалей знаходзіць увасабленне ў творах мастака?

 

— Не ведаю, плянаваць нешта цяжка. Але я і так даволі шмат увасабляю, як бачыце, пэўныя рэфлексіі ўсё ж маюць месца. Дарэчы, у мяне ёсць адна карціна, якая наўпрост адсылае да тых падзеяў. Яе, дарэчы, дагэтуль ніхто яшчэ не бачыў…


Гапак у атачэньні зорак Эўразьвязу

 

“Гапак”: “шпагат” у Еўропу

 

Убачанае сапраўды ўражвае: украінец у нацыянальных шараварах застыў у “шпагаце”. Фонам — залатыя зоркі сцяга Еўрасаюяза. Хіба можна выразней адлюстраваць цывілізацыйны выбар украінскага народу?

 

— Такая вось нібыта вясёлая карцінка, называецца яна „Гапак“. Ніхто дагэтуль не бачыў, дый, можа, яшчэ і не пара. Спадзяюся, яе сапраўдны час яшчэ надыдзе…


— То бок Украіна ў вас адназначна еўрапейская?


— Прынамсі хацелася б, каб так сталася. Можа, дасць прыклад і іншым. Але каб гэтая карціна стала актуальнай, украінцы яшчэ павінны прайсці вельмі цяжкі шлях, ён для Украіны фактычна толькі пачаўся. То бок гэта, хутчэй, такі аптымізм са слязамі на вачах.

 

З “Цэнзарскіх нажніц”: “Гарадзенская турма”


— А Беларусь бачыце ў еўрапейскіх зорках? Не абавязкова ў танцы — у нейкім іншым выглядзе?

 

— Не, пакуль што яна там не бачыцца. Але калі ўдасца Украіне, то, напэўна, гэта будзе добрым арыенцірам у тым ліку і для Беларусі. Хоць, як паказвае досвед, добрым прыкладам беларусаў асабліва не спакусіш. Скажам, у той жа Польшчы цяпер усё зусім не кепска — у Еўропе, бадай, адзіная краіна, якая плюсуе. Маю на ўвазе — у эканамічным сэнсе. Паўсюль крызіс, а ў Польшчы збольшага ўсё добра. Але для нашага шырокага грамадства нават гэта не пераканаўча, не вераць.

 

З “Цэнзарскіх нажніц”: “Працэсія”


— У Беларусі хіба што адзінкі мастакоў адрэагавалі на падзеі ва Украіне — нават з ліку тых, хто лічыць сябе праўкраінскім. Чаму?

 

— Некаторыя баяцца, некаторыя не баяцца. Але ёсць такая канцэпцыя ў мастакоў, што наўпрост рэфлексаваць — гэта задача журналістаў, публіцыстаў, не ведаю яшчэ каго. А мастацтва — яно больш шырокае, мастак як бы над бойкай. Хоць у гісторыі мастацтва дастаткова прыкладаў адваротнага стаўлення, калі мастакі непасрэдна рэагавалі на тую ці іншую падзею. Таму тут такая дыскусія, якая пераможцаў не мае. Асабіста мне ўсё ж неяк закарцела, і я некалькі карцін “на злобу дня” намаляваў.

 

“Дуэль”: новы час, новая “зброя”


Крамольная бульба для Масквы і маскалёў

 

Тым часам на стэндзе вылоўліваю позіркам цэлы шэраг палотнаў з выявай лёгка пазнавальнага еўразвязаўскага сцяга. Пра зорны серыял — сам аўтар:

 

“Так, у мяне ёсць некалькі працаў са сцягам Еўрасаюза, досыць правакацыйных. Прыкладам, Напалеон, які сядзіць у сучасным офісным крэсле на тле гэтага сцяга. Бо ЕС — гэта ў пэўным сэнсе тое, чаго Напалеон і дабіваўся. Ці, скажам, Уол-Стрыт Бул: Нью-ёрскі бык, які сімвалізуе агрэсіўную фінансавую палітыку ЗША. Карціна называецца „Выкраданне Еўропы“ — іхні „Бул“ замахнуўся на нашу Еўропу”.

 

Напалеон Еўрасаюза

 

Творчасць Сяргея Грыневіча даўно на адмысловым уліку ў байцоў нябачнага фронту. Не так даўно мастака фактычна абвінавацілі ў спробе “ўбіць клін” у братэрскія адносіны народаў Беларусі і Расіі. Так, пад цэнзарскія нажніцы трапіла карціна пад назвай “На Москву”: усю прастору на палатне займае трактарны прычэп, з коптарам нагружаны адборнай бульбай і адрасам атрымальніка на борце. Што пільныя ідэолагі знайшлі крамольнага?

 

“На Москву”: крамольная бульба

 

— Што крымінальнага? Самае цікавае, што я нічога нават не прыдумляў. Калісьці ездзіў на радзіму, а побач з нашым пасёлкам ёсць вёска Ендрыхоўцы, дзе, дарэчы, нарадзіўся знакаміты мастак Станіслаў Жукоўскі. Была акурат восень, і там стаялі прычэпы, на якіх крэйдай было выведзена — “На Москву”. Пэўна, потым гэтую бульбу везлі на чыгуначную станцыю ў Ваўкавыск, каб адправіць у Маскву ці ў Піцер. Бульба, мабыць, была адборная, але там гэта не адзначалі. Быў толькі канцавы адрас. Так што я тут нічога не прыдумаў.


— Той выпадак, калі рэалізм не прайшоў дзяржпрыёмку?

 

— На мінулым з’ездзе мастакоў ладзілася вялікая зборная выстава: сябры саюзу маглі выставіць у Палацы мастацтваў па адной карціне. Спачатку яе нават прыладзілі на “алтарнай сцяне”, але потым усё ж вырашылі павесіць у куточку, у залі дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Урэшце прыйшла дэлегацыя “мастацтвазнаўцаў” у цывільным на чале з намеснікам міністра культуры і заявіла: альбо вісіць карціна, альбо выставы, а заадно і самога саюзу, не будзе. Так што шырокая грамадскасць карціны не пабачыла. Хоць і не ведаю, што тут такога: выклаў яе ў Фэйсбуку, і былі толькі станоўчыя водгукі. У тым ліку і з Расіі, у мяне там шмат знаёмых.


“Краявід з ручніком” дзяржаўнага значэння

 

Made in Belarus: “Касмічны “мусар”

 

На асабістай старонцы ў Фэйсбуку Сяргей Грыневіч вымушаны быў стварыць адмысловую тэчку, якая так і называецца — “Цэнзарскія нажніцы”. Яе змесціва прырастае як свежымі працамі, так і тымі, якія ідэалагічныя куратары пераасэнсавалі на новы лад. Кандыдат у чорны спіс яшчэ на стадыі задумы — постмадэрнісцкі “Касмічны “мусар”:

 

“Гэта такі постмадэрнісцкі сцёб, карціна называецца “Касмічны “мусар”. Зразумела, тут найперш гульня словаў. З аднаго боку, глабальная праблема — засмечванне касмічнай прасторы. З іншага — новы “элемент” на арбіце, супрацоўнік МУС, на жаргоне — “мусар”. У гэтай форме іх часцяком называюць „касманаўтамі“, калі яны выходзяць на свае “спецзаданні”. Дык вось, мала таго, што “касманаўт”, дык яшчэ і “мусар”. Так што ўсё адно да аднаго: чаўнок “Буран” пазбавіўся ад “мусара” на іншаземнай планеце і адляцеў, пакінуўшы інверсійны след. Тут ужо элемент жывапіснасці, як жа без прыгажосці?”

 

Іншая праца на сілавую тэматыку — “Ластаўка”, таксама з калекцыі “Цэнзарскіх нажніц”. Суразмоўца кажа, што ўвасоблены вобраз — з рэальнага жыцця:

 

«Такая вось праца з кайданкамі, „Ластаўка“ называецца. „Натхніўся“, калі мой знаёмы Пеця Новікаў трапіў пад міліцэйскую „раздачу“ і яго ў аддзяленьні „выхоўвалі“ менавіта так. Гэта так па-іхняму, пяшчотна „ластаўкай“ называецца».

 

«Ластаўка»: не сьпявае, але стогне

А вось дзяржаўны сьцяг Беларусі, але ў чорна-шэрых тонах — гэта, аказваецца, «Краявід з ручніком». І праўда: у такім варыянце выглядае зусім арганічна, рыхтык прадукцыя Аршанскага льнокамбінату:

 

«Краявід з ручнікамі»

— Так, „Краявід з ручніком“. Ну а што, не ручнік? Самы натуральны, усё па-чэснаму…

— Ці рэальна дзе-небудзь выставіцца з такім „ручніком“? Казалі, што акурат рыхтуецца выстава ў Горадні.

—  Вось пакуль думаю. Прынамсі, у Фэйсбуку — рэальна, пакуль яшчэ спадар Цукербэрг не забаніў. Калі сур’ёзна — ня ведаю. Але хутка спраўдзім. Хачу днямі падыйсьці да арганізатараў, каб у выпадку чаго быў час на замену. Бо так, яна ў пляне, але калі раптам „засякуць“, каб была магчымасьць выставіць нешта іншае.

 

З наведнікамі майстэрні

«Фэстываль»: танцы за кратамі

Апроч звыклага жывапісу алеем на палатне, спадар Сяргей практыкуе росьпіс па шкле. Некаторыя працы вытрыманыя ў стылістыцы, якой філігранна валодае ягоны менскі калега Ўладзімер Цэсьлер:

 

Росьпіс па шкле

«Толкам ня ведаю, куды гэта прыстроіць, але час ад часу раблю карцінкі на шкле. Вось, прыкладам, называецца „Рубай“ (RU — BY). Таксама гульня словаў з расейскай, гэта пра нашу „нерушымую дружбу“. Думаю, такое можна несьці, не „зарубаюць“. Увогуле напрошваецца нават сэрыя — з чорна-белага і чырвона-белага. Яшчэ з гэтай опэры: рэгістрацыйны нумар. Хто ў аўтамабільнай тэматыцы, асабліва тлумачыць ня трэба. Нулі — гэта значыць круты. Апошні нуль — гэта міліцыя. Увогуле ў нас сем рэгіёнаў зь лічбамі ад 1 да 7, а нуль аддалі сілавікам. Адпаведна, найкруцейшы нумар у краіне павінен быць у міністра ўнутраных спраў: 00 00 ОО-0. Гэта ўжо проста космас, самае крутое, што можа быць. Пакуль таксама не выстаўлялася, патрэбна нейкая нагода».

 

На закуску — фэерычная карціна «Фэстываль». З аднаго боку, можа быць працягам сэрыі пра службу, якая «и опасна, и трудна», зь іншага — напрошваецца аналёгія пра танцы за кратамі: весялімся, але ў рамках дазволенага.

 

«Фэстываль»: танцы пад кантролем

Сам Сяргей Грыневіч кажа, што запазычыў сюжэт з гарадзенскага Фэстывалю нацыянальных культур, але «рамачнасьць» імпрэзаў — справа звыклая для ўсёй краіны:

«Фэстываль нацыянальных культур — гэта тое, што, як і ў выпадку з прычэпам „На Москву“, бачыў на ўласныя вочы. Вядома, рэч збольшага рэпартажная, але ж прыгожа, праўда? Людзей на першым пляне, думаю, „калегі“ пазнаюць. Праца, якая кранае, абагравае сваёй значнасьцю. На заднім пляне, дарэчы, Дзяржаўны ансамбль танцу Рэспублікі Беларусь. Але такое можна ўбачыць паўсюль — быў у Полацку, дык тое ж самае. Як пісаў хлопцаў? Па памяці (сьмяецца). Было некалькі фатаздымкаў, некаторыя моманты трэба было адлюстраваць дакумэнтальна. Той, які ў цэнтры, — проста з галавы. А тыя, што справа-зьлева — гэта ўжо пэрсанажы канкрэтныя. Але тут нюансы ня так важныя, галоўнае — вынік…»


 

Сяргей Грыневіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў пасёлку Краснасельскім Ваўкавыскага раёну. Расказвае, што ад раньняга дзяцінства не сумняваўся ў выбары прафэсіі і пасьля Рэспубліканскай школы-інтэрнату імя Ахрэмчыка паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся на аддзяленьні манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва. Працуе ў розных манумэнтальна-дэкаратыўных тэхніках (фрэска, вітраж, росьпіс і г. д.), займаецца станковым жывапісам. Сябра Беларускага саюзу мастакоў. Карціны захоўваюцца ў шматлікіх прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. Сам майстар бачыць сябе на памежжы традыцыйнага і сучаснага мастацтва, яго цікавяць аптычныя эфэкты, дынаміка, але больш за ўсё — колеры.