У Гродне спрачаліся пра лёс Каложы

|

Канферэнцыя пачалася з малебна ў Каложскім храме і кароткай экскурсіі па выстваве археалагічных артэфактаў і старых кніжак па гістарычнай тэматыцы, звянай з Каложай.

Паседжанні канферэнцыі прайшлі ў будынку Каложскага прыхода. Дыскусія на канферэнцыі ішла ў трох асноўных накірунках – праблемы захавання Каложскага плато, пытанні рэканструкцыі самога храма і справа ўнясення Каложскай царквы ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей сусветнага значэння ЮНЭСКА. Сёння, дарэчы, справа ўнясення храма ў гэты спіс ізноў актуалізавана, над ёй працуюць спецыялісты з Гродна і Мінска.

Што тычыцца захавання каложскай гары, то архітэктары Рышард Кацынэль і Міхаіл Нікіценка, спецыялісты, якія займаліся ўмацаваннем гары пачынаючы з 1990-х гг., пераконвалі, што замкавай гары нічога не пагражае. З імі не пагадзіліся айцец Георгій Рой і віцэ-прэзідэнт міжнароднага навуковага камітэта ІКАМОС (Расія). Пратаярэй Аляксандар Балоннікаў агучыў вынікі зробленага спецыялістамі БНТУ геарадарнага зандзіравання Каложскага плато, адзначыўшы, што апорная сцяна Каложы, зробленая ў канцы 19 ст., разбурана на 40-50%.

Спецыялісты прыйшлі да высновы, што трэба паступова вяртацца да справы рэканструкцыі храма, бо драўляная сцяна будынка раней ці пазней запатрабуе грунтоўнай перабудовы, ступень зношанасці яе досыць высокая.

 

Спрэчкі пра лёс Каложскай царквы ідуць даволі даўно. У верасні мінулага году мінскія і гродзенскія архітэктары і гісторыкі забілі трывогу: на іх думку, Каложа ў любы момант можа «з’ехаць» ў Нёман. У бетоннай агароджы на краі Каложскага схілу з’явіліся глыбокія касыя расколіны.

 

Глядзіце матэрыял “Твайго стылю”, прысвечаны Каложы, з цыклу “Вандроўкі па старым Гродне”

 

Фота аўтара і Руслана Кулевіча