Падарожжа па Палестыне і подых Мёртвага мора – у цэнтры Гродна

|

У экспазіцыі выкарыстана больш за 70 экспанатаў. Гэта паліхромная кераміка, вышыўка, вырабы з перламутра, прадметы, выразаныя з аліўкавага дрэва і зробленыя са шкла. Кожны род заняткаў у рэгіёне мае непаўторную гісторыю.

 

Напрыклад, палестынская кераміка вядомая археолагам яшчэ з біблійных часоў. Яе вылучае непаўторная разнастайнасць формаў: кубкі, глыбокія чашы, збаны, талеркі… Да найлепшых узораў адносіцца паліхромная глазураваная кераміка, альбо “іерусалімская”, якая з-большага вырабляецца ў горадзе Хеўрон. Выявы птушак, жывёлаў, разнастайныя раслінныя матывы традыцыйна выконваюцца майстрам уласнаручна.

Не менш цікаваю гісторыю маюць палестынскія вырабы з перламутру. У адрозненні ад керамікі, гэтае рамяство прыйшло ў рэгіён адносна позна – у XVI ст. з Італіі. Першыя вырабы насілі рэлігійны характар і адлюстроўвалі евангельскія сюжэты. У канцы ХІХ ст. з’явіўся сапраўдны бум на палестынскі перламутр дзякуючы еўрапейскім і амерыканскім турыстам. Некалькі тагачасных вырабаў ёсць і на выставе – іх адшукалі ў фондах музея.

Цяжка абыйсці ўвагай і разьбу па аліўкавым дрэве. Рамяство стала паточным у сувязі з пастаяннымі візітамі ў рэгіён хрысціянскіх пілігрымаў у XVI-XVII стст., кожны з якіх хацеў прывезці дахаты пацеркі альбо крыжык са Святой Зямлі. У выніку віфліемскія майстры падзялілі горад на раёны, кожны з якіх выконваў канкрэтную замову: у Бейтджале з аліўкавай драўніны выразалі фігуркі коняў і верблюдаў, у Бейтсахуры – статуі і г.д. Майстэрства дагэтуль традыцыйна перадаецца ад бацькі да сына.

Арганізатарам выставы выступіла пасольства Палестыны ў Беларусі. Упершыню экспазіцыя адкрылася для наведвальнікаў у Мінску падчас дзён палестынскай культуры. Пасля прадстаўнікі краіны вырашылі пазнаёміць са сваёй культурай і іншыя рэгіёны Беларусі.

Дакрануцца да старадаўніх рамесніцкіх традыцыяў Святой Зямлі гарадзенцы змогуць да канца ліпеня.

Фота Вольгі Мілавай