Неба выбрала іх, а яны выбралі Гродна: аднавілася традыцыя авіяцыйных фестываляў

|

У адрозненні ад ранейшыў авіяшоў, арыентаваных больш на парашутны спорт, сёлетні фестываль акцэнтаваў увагу публікі менавіта на авіацыі. Да ўвагі гарадзенскай публікі было прадстаўлена каля 25 лятальных апаратаў розных канструкцый. Гэта невялікія легкаматорныя самалёты, верталёты, аўтажыры, парапланы, аэрастаты з Беларусі, Расіі, Польшчы і Літвы. Яны па чарзе падымалісяў неба, каб прадэманстраваць гледачам фігуры вышэйшага пілатажу.

Для многіх наведвальнікаў фестываль стаў нагодаю дакрануцца да авіацыі ў  самым прамым сэнсе: гарадзенцы з вялікай цікавасцю разглядалі лятальныя апараты, рабілі здымкі на іх фоне, прымяраліся да месца пілота. У авіятараў распытвалі пра тэхнічныя асаблівасці канструкцый самалётаў  і магчымасці  іх пілатавання. 

 

 

З нязменным поспехам прайшлі і паказальныя скокі парашутыстаў. Як заўсёды з цікавасцю гледаачы назіралі, як раскрываюцца ў небе каляровыя купалы, і паволі набліжаюцца да зямлі фігуры спартоўцаў. Для тых, хто асабліва ўразіўся гэтым спортам і вырашыў таксама дакрануцца да неба, арганізатары прадаставілі магчымасць скочыць з парашутам у тандэме з інструктарам альбо самастойна.

Фестываль працягне сваю працу і на наступны дзень: 28 чэрвеня плануецца прадоўжыць палёты і  правесці праблемны круглы стол, прысвечаны сучаснаму стану і перспектывам развіцця ў Беларусі авіяцыі агульнага прызначэння. 

 

Арганізатарамі фэсту выступілі “Асацыацыя аматараў авіацыі горада Гродна” і “Гродзенскі абласны аэраклуб”.