Што рабіць, калі “прэзідэнт” Караткевіч пойдзе ў дэкрэт?
Сустрэча адбылася ўвечары 28 чэрвеня ў памяшканні Саюзу Палякаў на Будзёнага. Убачыць патэнцыйнага кандыдата і задаць яму сваё пытанне прыйшло ўсяго некалькі дзесяткаў гарадзенцаў. Дачны сезон, адпачынкі ды яшчэ гарадскі фестываль разам з добрым надвор’ем, мабыць, зрабілі сваю справу.
Прадстаўнік кааліцыі “Народны Рэферэндум” Ігар Лялькоў распавёў прысутным пра ідэю рэферэндуму: зрабіць перамены ў Беларусі мірным шляхам, для чаго і патрэбна правядзенне агульнанацыянальнага рэферэндуму па асноўных набалелых пытаннях. За гэтую ідэю, са слоў Лялькова, ужо падпісалася 120 000 беларусаў.
Свой выступ прэтэндэнтка на найвышэйшы пост пачала словамі: “Мяне завуць Таццяна Караткевіч і я хачу стаць прэзідэнтам Беларусі!”. Распавяла крыху пра сваё жыццё і кар’еру, сама адказала на найбольш папулярныя, з яе словаў, пытанні.
Коратка іх можна сфармуляваць так:
Навошта ісці, калі ўсё перадвырашана?
Бо маю зрабіць усё, што магу.
У чым будзе заключацца перамога, калі максімум адсоткаў налічаць дзейснаму прэзідэнту?
Перамога – гэта падтрымка людзей, а сапраўдныя рэзультаты агучаць сацыёлагі.
Пытанні з залу тычыліся найперш сацыяльных і эканамічных пытанняў: заробкаў, пенсійнай рэформы, закону пра тунеядцаў. Таццяна адказвала стрымана, без выразнага хвалявання, распавядала пра паездкі па рэгіёнах, часам смяялася.
Прэтэндэнт на прэзідэнцкае крэсла выказалася за лагодныя рэформы і дыялог, пазбяганне “шокавай тэрапіі”, максімальна празрыстую эканоміку і шырокае мясцовае самакіраванне. Ігар Лялькоў час почас устаўляў рэмаркі, дадаючы лічбы ды адсоткі.
Былі і адступленні на асабістую тэму. Нехта задаў пытанне, маўляў, што будзе рабіць “прэзідэнт” Караткевіч калі раптам давядзецца зыходзіць у дэкрэт? Няўжо дэлегаваць пасаду – мужу?.. Таццяна з усмешкай узгадала сітуацыю, калі будучы цяжарнай хадзіла на працу да апошняга: сышла ў дэкрэт у траўні, а нарадзіла ў чэрвені. Патэнцыйны кандыдат, дарэчы, замужам і гадуе 12-гадовага сына.
– А што будзеце рабіць, калі Лукашэнка прапануе Вам пасаду ў сваёй адміністрацыі альбо ў міністэрстве? – чарговае пытанне з залу.
– Пагаджуся, – асабліва не раздумваючы адказвае Караткевіч, – бо гэта частка маёй ідэі мінрных пераменаў.
Таццяна таксама ўзгадала сітуацыю з 2010 года, калі Некляеву напярэдадні выбараў прапанавалі пасаду міністра культуры ўзамен на зняццё сваёй кандыдатуры і той адмовіўся. Са словаў Караткевіч, кандыдат ад “Гавары праўду” пасля неаднойчы шкадаваў аб гэтым.
Сустрэча скончылася апладысментамі, а ўсе жадаючыя – каля дзесятку чалавек – змаглі запісацца ў ініцыятыўную групу Таццяны Караткевіч. У Гродзенскай вобласці яе ўзначаліць каардынатар кампаніі “Гавары праўду” Зміцер Бандарчук, які кіраваў тут штабам Някляева ў 2010-м.