Grodno Jazz 2015: лепшы трубач Еўропы, зорка Гродна першай велічыні і яскравы джэм-сейшн

На другім дні Grodno Jazz выступілі Rytmy Czasu з Польшчы, Аляксандр Канцберг і Ганна Шпіц з Ізраілю. З Мінску на фестываль прыехалі квартэт Андрэя Ускова і Нэлі Дзянісава. Не абыйшлося без гарадзенскіх музыкантаў – гурта “Раса мечтаталей” і піяніста Аляксея Пятрова. Таксама на другі дзень Grodno Jazz завіталі ўжо вядомыя па першым дні Себасцьян Студніцкі і Johnny Rodgers Band.

Гурт Rytmy Czasu выканалі 15 песень. Сярод іх былі вядомыя Feeling Good, Alabama і песні Чэслава Немэна.

Гарадзенец Аляксей Пятроў выканаў імправізацыі на Кшыштафа Камеду – пачынальніка польскай школы джазу, які напісаў музыку да 70 фільмаў. Пасля яго выступу Генеральны консул Польшчы Анджэй Хадкевіч сказаў:

 

– Думаю, Анджэй Ягадзінскі мог бы ім ганарыцца! Дагэтуль мы ведалі Пятрова як выканаўцу класічнай музыкі. А ён геніяльны музыкант – зорка першай велічыні ў Гродна!

Затым настаў час “белага джазу” – на сцэну выйшлі гарадзенскія імправізатары-эксперыментатары “Раса мечтателей”. Вядома, што гурт выступае ў розным складзе – ад дзвюх да пяці чалавек. Гэтым разам на сцэне быў бубнач, басіст і вакалістка-флейтыстка-клавішніца. Музыкі выканалі вакальныя і інструментальныя кампазіцыі.

Трэба сказаць, што да гэтага часу шмат месцаў апусцела – людзі хаваліся ў цень або наогул сыходзілі. Пад пякучым сонцам годна трымаліся сапраўдныя аматары джазу.

А тым часам на сцэне з’явіўся квартэт Андрэя Ускова – City of newcomers. Квартэт стаў міксам гуртоў City Jazz, які выступаў на фэсце ў мінулым годзе, і Island of newcomers.

На другі дзень зноў можна было пачуць і Себасцьяна Студніцкага. Потым музыкі ахвотна фатаграфаваліся з усімі на фэсце і гулялі па горадзе.

Затым на сцэну падняўся Big Band – Джазавы аркестр Гродзенскай абласной філармоніі пад дырыжорствам Барыса Мягкова.

Разам з аркестрам выступілі Нэлі Дзянісава, якая выканала джазавыя класічныя кампазіцыі,

і госці з Ізраілю – Аляксандр Канцберг і Ганна Шпіц. Гарадзенскія музыкі гралі тую ж праграму, якая выконвалася ў Ізраілі. Па словах Канцберга, гэта сведчыць пра ўзаемадзеянне культур. На фэстывалі прыстнічаў і пасол Ізраілю ў Беларусі.

Закончыўся фестываль вялікім джэм-сейшн з удзелам шматлікіх музыкаў – у тым ліку і амерыканцаў Johnny Rodgers Band.

 

Сваімі думкамі пра фестываль з “Тваім стылем” падзяліўся Юры Грыгер, музыка, які зараз працуе ў краме “Шоў-тайм”:

– Фестываль цудоўны! Я прыходжу сюды кожны год. Я называю фестываль “кавалачкам Еўропы” і “кавалачкам свабоды” на тэрыторыі Новага замку. Дзіўна пры гэтым на замку глядзіцца савецкі герб і зорка. Яшчэ ў СССР у 30-х казалі: хто слухае джаз – той радзіму прадасць. А тут усё добра – не прадалі.

 

Музыкі таксама цудоўныя. На першым месцы ў мяне Себасцьян Студніцкі з гурта Mezzoforte, а на другім – Big Band Барыса Мягкова. Людзі шчаслівыя, забылі пра праблемы. Я бачу людзей, якія ўсміхаюцца, дзяцей, якія скачуць. Вось што нам патрэбна!

 

Звычайна на фестывалі праблемы бываюць з-за надвор’я. Аднойчы ўвесь дзень ліў дождж – прыйшло каля 50-60 чалавек з парасонамі. Пытанне да арганізатараў – можна было б зрабіць навес.

 

А увогуле людзей на фестываль прыходзіць усё менш. Трэба даваць больш рэкламы – у аўтобусах, па тэлебачаннях і ў газетах. Ды і грошай у людзей няма. Студэнт за фестываль столькі не заплаціць – ён стаіць, бедненькі, за плотам. Чаму б не зрабіць для моладзі і студэнтаў бескаштоўны ўваход па студэнцкаму білету? Ветэранам жа ёсць зніжкі ў крамах.


Як прайшоў першы дзень фестывалю – чытайце і глядзіце ў “Тваім стылі”!