Гарадзенцы распавядаюць пра НЛА ў сваім горадзе

У 1892 годзе “Гарадзенскія губернскія ведамасці” пісалі, што з боку Аўгустова з’явіўся “паветраны шар”, які каля паўгадзіны стаяў над гарадзенскім лагерам, размешчаным у лесе каля фартоў. Затым неапазнаны лятаючы аб’ект рушыў у кірунку да горада і, нарэшце, спыніўся паблізу ўрочышча “Пышкі”. Шар на працягу двух дзён з’яўляўся ў горадзе і быў выразна бачны. Але растлумачыць тую з’яву ніхто не мог.

Праз 100 гадоў, у кастрычніку 2010 года, па горадзе прайшлі чарговыя хваляваннi ў сувязі са з’яўленнем неапазнаных шароў. У начным небе гараджане назіралі незвычайныя з’явы: кропкі з’яўляліся і выстройваліся ў трохкутнікі, пасля знікалі і зноў з’яўляліся.

 

У 2015 годзе ў сусветны Дзень НЛА, які праходзіў 2 ліпеня, “Твой стыль” вырашыў даведацца ў жыхароў горада: ці вераць яны ў НЛА і што зробяць пры сустрэчы з іншапланетнікамі.

Іван:


– Я бачыў у свой час на Украіне НЛА, у горадзе Севераданецк. З’яўляўся ён у вобразе трох кропак. Было бачна добра, асабліва вечарам. Тады яны 10 хвілін пакружылi і разляцеліся ў розныя бакі. Так з’яўляліся кожны дзень цягам тыдня. Іншапланетнікі існуюць. Калі ва ўсё не верыць, навошта жыць на зямлі тады. Ніхто не ведае, што знаходзіцца па той бок сонца. Дарэчы, у Гродне таксама бачыў успышкі, у раёне вуліцы Мендзялеева, упэўнены – гэта былі не самалёты. Калі ўбачу іншапланетнікаў, то пайду абавязкова на кантакт.

Віталь:

 

– У НЛА я не веру, хоць сябры шмат распавядалі пра незвычайныя з’явы. Бачылі іх ў асноўным за горадам, у раёне вялікіх палёў. Калі ўсё ж яны існуюць, і мне давядзецца з імі сустрэцца, то верагодна страчу прытомнасць.

Ігар:

 

– Веру ў незямную сілу і ў НЛА. Сутыкацца не даводзілася, толькі здагадкі і думкі, але шмат чытаў пра гэтыя з’явы. Я такі летуценнік, што несур’ёзна да гэтага не стаўлюся. Пры сустрэчы з іншапланетнікамі паспрабую даведацца, з якой мэтай яны наведалі нашу Зямлю. Мне здаецца, што прыйдуць яны да нас з мірам.

Ліяна і Алена:

 

– Пакуль не ўбачым, не паверым. Патрэбна зачэпка, пакуль усяго толькі недакладныя факты. Знаёмыя распавядалі, што ў вёсцы бачылі нешта незразумелае ў небе ў выглядзе вялікіх шароў. Калі ўдасца іх убачыць, то супрацоўнічаць з імі не збіраемся, будзем уцякаць.

align=”” >

Аляксандр:

 

– Не, у НЛА, я не веру, бо веру ў Бога. Калі мы звернемся да Святога Пісання, то ў Кнізе Быцця прачытаем: “На пачатку стварыў Бог неба і зямлю”, затым ідзе апісанне паходжання ўсяго, што існуе, у адпаведнасці з днямі тварэння, і на шосты дзень, як Вянец усяго створанага ствараецца чалавек, “… і стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў іх…”. Пасля гэтага працэс тварэння быў завершаны, і ўжо больш нічога не стваралася.

 

Як бачым, у Бібліі няма і намёку на існаванне іншых пазазямных цывілізацый.

 

Часта людзі заўважаюць аб’екты ў небе. Але я думаю, што гэта могуць быць якія-небудзь атмасферныя або фізічныя з’явы. На мой погляд, д’ябал прымае менавіта тую форму, з дапамогай якой лягчэй за ўсё падмануць сучаснага чалавека. Задача д’ябла зрабіць усё што заўгодна, каб адвесці чалавека з праўдзівага шляху – шляху да Бога.

 

Ужо многа гадоў вывучаюць НЛА (пытанне хто?), але ніякіх канкрэтных доказаў не прадстаўлена. Таксама ўзнікае пытанне: “Калі НЛА – сапраўды існуюць, то чаму за столькі гадоў не было ніводнага кантакту?” Пытанні можна працягваць. Ці будуць адказы?

 

Каардынатар беларускага “Уфокома” Ілля Бутаў не адмаўляе існаванне НЛА і распавядае, што даводзіцца правяраць ўсе аб’екты:

 

– Гледзячы што разумець пад НЛА. Мы разумеем – не ідэнтыфікаваныя (не атаясамленыя) прадметы, якімі на нейкім этапе можа з’яўляцца усё што заўгодна. Наша праца – ідэнтыфікаваць іх, усталяваць, чым яны з’яўляюцца – Венерай, кітайскімі ліхтарыкамі, мігцелкай паліцэйскай машыны ў яры, птушкамі, падсветленымі агнямі і гэтак далей. У такім выглядзе, вядома існуюць. У працэсе ідэнтыфікацыі прыкладна 1-2% застаецца да канца не апазнанымі – гэта і ёсць класічныя НЛА, але няма гарантыі, што гэта не штосці зямное, толькі не паддаецца аналізу.

 

 

Верыць у НЛА ці не, вырашаць ужо вам…