Гістарычныя аўторкі ў “Краме Ц”: жыццё ў Заходняй і Усходняй Беларусі

Прафесійныя гісторыкі, студэнты і валанцёры з “Беларускага архіва вуснай гісторыі” не першы год ладзяць экспедыцыі для запісу успамінаў старых людей. Праз простыя пытанні яны высвятляюць шмат цікавых дэталяў пра тагачасныя падзеі. Адзін з аспектаў вывучэння – жыццё ў Заходняй і Усходняй Беларусі. У ходзе вывучэння гісторыкі апыталі жыхароў усёй былой памежнай зоны.

 

– Жыццё звычайнага чалавек у Заходняй Беларусі было лепшым па эканамічных, палітычных і прававых фактарах, – сказаў гісторык.
Дзякуючы капіталізму звычайны жыхар Заходняй Беларусі мог працаваць у пана, які валодаў гаспадаркай, цяглавай сілай і прыладамі працы. За працу можна было атрымаць да 10 злотых у дзень. На гэтыя грошы ў той час можна было купіць ежы і нават нешта адкласці: як адзначаў адзін са сведкаў тых падзей, бутэлька гарэлкі каштавала злоты, кіло сала – 2 злотых, кілаграм масла – таксама 2 злотых. Ва Усходняй жа Беларусі людзей зганялі ў калгасы. Пры гэтым забіралі маёмасць – кароў, коней, і прымысловыя прылады працы. Добра пры савецкай сістэме “усім па-роўнаму” было толькі лайдакам.

 

Эканамічныя адрозненні асабліва бачны у дробязях: у Заходняй Беларусі ў амаль у кожнай хаце былі ровар альбо радыё, у той час як “усходнікі” ровар маглі здабыць за асаблівыя заслугі перад дзяржавай, а радыё магло быць у старшыні калгаса. Каля мяжы – платоў з калючым дротам – стаялі савецкія вышкі і польскія стражніцы.

 

– У польскай стражніцы была нават прыбіральня, а савецкія жаўнеры знаходзіліся проста ў драўдяных будках. Падмуркі некаторых польскіх стражніц захаваліся да сённяшняга дня, – расказвае Аляксей.

Жыхары Заходняй Беларусі былі больш абароненыя ўладай, у той час як ва Усходняй прысутнічаў страх дзяржаўнага апарату. Да таго ж, у Заходняй Беларусі адсутнічаў антырэлігійны ціск.

 

Успаміны паказваюць, што жыхары памежжа вызначалі сябе не па нацыянальнай прыналежнасці, а па канфесійнай: католік – паляк, праваслаўны – рускі. Такі падзел стварыўся яшчэ ў Расейскай імперыі. Адасаблялі людзі толькі габрэяў.

– Людзі адзначалі, што да 39-га на габрэях у мястэчках трымалася ўся эканоміка. Іх успрымалі як працавітых людзей, якія звычайна займаліся гандлем.
У тыя гады была наладжана кантрабанда. З Заходняй Беларусі прывозілі гарэлку, віно, а “усходнікі” разлічваліся золатам і срэбрам, бо савецкія рублі на тэрыторыі Польшчы не дзейнічалі. Пра кантрабанду шмат пісаў Сяргей Пясецкі – яго кніга ў перакладзе нядаўна выйшла ў часопісе “Arche”.

 

 

У сваіх аповедах старыя людзі закраналі і Другую светавую вайну.
– Успаміны руйнуюць міфы пра страшнага немца, што нішчыў беларускую вёску. Гвалцілі і вырэзвалі толькі спецыяльныя карныя атрады. А так – савецкія і нямецкія жаўнеры разумелі, што яны выконвалі абавязак, які “навесіла” дзяржава.

 

Мяжа паміж Усходняй і Заходняй Беларуссю знікла толькі падчас нямецкай акупацыі, тады ж пачаўся працэс злівання беларускага народа. Гісторыкі адзначаюць, што калі б не верасень 1939 года, Беларусь магла б і не ўзнікнуць.
Наступная экспедыцыя Беларускага архіва вуснай гісторыі адбудзецца ў ліпені і будзе вывучаць калектывізацыю ў Заходняй Беларусі. Матэрыялы па яе выніках з’явяцца на сайце nashapamiac.org.