“Гісторыі. 2015”: партрэты сталых гарадзенак дэманструюцца на выставе ў Мінску

Здымкі для праекта праходзілі ў Гродне, усе яго ўдзельніцы – навучэнкі “Універсітэту Залатога Веку“.

 

На працягу трох дзён фатограф і куратарка знаёміліся з удзельніцамі, разам распрацоўвалі канцэпцыю фота-серыі, сумесна праводзілі час, размаўлялі і здымалі.

 

Праект – прыклад творчай супрацы паміж аўтарамі і ўдзельніцамі, які меў на мэце паказаць прыклад самаарганізацыі ўзроставых гарадскіх актыўных беларусак. Гераіні адказвалі на шэраг пытанняў: “Што для вас УЗВ, ваша матывацыя далучыцца да гэтай ініцыятывы?”, “Ваша месца/ы ў горадзе”, “Імя, хобі”.

 

 У выніку аўтары праекту сабралі “вобраз” узроставай гараджанкі, аб’яднаны некалькімі крытэрамі: 60+, імкненне да атрымання новых ведаў і інфармацыі, удзел ў абмене навыкамі, імкненне да актыўнага жыцця, практыка сястрынскай падтрымкі новых знаёмых.

 

– Мы жывём ва ўмовах штодзённага навязвання нам масавай культурай і цялесных стэрэатыпаў, якія ў сваіх найбольш агрэсіўных формах ператвараюцца ў своеасаблівы “цялесны фашызм”.

Той, хто не ўпісваецца ў “стандарты”, робіцца нябачнымі, перастае існаваць, – распавядае куратарка праекту Ганна Лактыёнава. – У такой сітуацыі, калі чалавек больш не можа знайсці арыентыраў у мастацтве і ў навакольным асяроддзі, ён выпрацоўвае свае асабістыя крытэрыі прыгажосці і прыводзіць цела ў суадноснась са сваім ўласным ідэалам.

 

Наведаць выставу можна да канца жніўня.