Мемуары эмігранткі – 2. Шчаслівы квіток

У час свайго мінулага прыезду ў Стакгольм я паспела паглядзець мясцовыя славутасці, скласці беглае ўражанне пра вобраз краіны і ўзровень жыцця ў ёй.

 

Прайшло менш за суткі, як я тут зноў. І, мама, як я была далёкай ад разумення рэальнасці! Не на тое глядзела.

 

Ведаеце, заўсёды недалюблівала турызм, але сёння канчаткова ўсвядоміла: каб зразумець, як ўладкавана месца, гуляць па цэнтры – марнаванне часу. Трэба залезці ў самую дупу горада і азірнуцца. Каб ўявіць палітыку дзяржавы, не трэба нічога чытаць, трэба назіраць.

 

 

 

Спальны раён, адзін са шматлікіх паркаў. Сяджу на лавачцы. Насупраць, як у нас гэта назваюць, “лягушатнік”.

 

Даросламу чалавеку вады тут ніжэй калена. Дзеці ў захапленні, а іх бацькі спакойныя і шчаслівыя. Здаецца, я самы пануры чалавек на гэтым свяце жыцця, а можа і ў цэлай Швецыі. “Лягушатнік” падобны на гіганцкі фантан, вада чыстая і злёгку пахне хлоркай.

 

 

Хоць лясніся галавой аб ліхтар, просячы ратунку ў галюцынацый, не знойдзеш тут маладых бацькоў. Культура? Інтэлект? Магчыма. Але гэтыя дарослыя таты і мамы, у актыўнасці і эмацыйнасці не саступаюць дзецям.

 

Брутальныя мужыкі плёскаюцца ў вопратцы, гуляючы са сваімі дзецьмі, мочаць прыгожыя целы і бароды. Калі вы ў гэты момант падумалі, што з імі нешта не так, гэта сур’ёзная нагода для рэфлексіі.

 

 

 

Не магу распазнаць адкуль даносіцца жаночы голас: “Марта! Марта!”. Хочацца закрычаць, што я тут, забяры мяне дадому, любі, як родную.

 

Нарадзіцца ў Швецыі – гэта ўжо перамагчы, выйграть да пачатку вялікі гульні.

 

Адукацыя тут бясплатная. Больш за тое, урад гэтай вар’яцкай і занадта еўрапейскай краіны вылучае да 20 000 (!) еўра ў год, каб яе малады грамадзянін атрымаў адукацыю, дзе ён хоча. І тут зноў хочацца плакаць.

 

 

Не, мне за сябе не крыўдна – пашанцавала, нарадзілася зубастай. Крыўдна за нашых бацькоў, якіх бязлітасна выкарыстоўвалі ўсё жыццё. Ах, вы хочаце сваю жабрацкую пенсію? Неа, бурлакі, Волга яшчэ далёка. І пасля гэтага чакаць ад грамадзян патрыятызму? Я бы не разлічвала…  

 

У такія моманты прыходзіць ўсведамленне, што той самы шчаслівы квіток – гэта я сама. Любімых трэба эвакуіраваць з радзімы. Калі захачу абзавесціся нашчадкамі, буду планаваць гэта зрабіць у краіне з адэкватным урадам. Хочацца для сястры светлую будучыню, для матулі пашаны ў выглядзе годных умоваў жыцця.

 

Гледзячы на шчаслівых шведаў, бярэ такая крыўда і туга за родную краіну!

 

 

Шкада тых ідыётаў, якія співаюцца да сваіх 30-ці, дзяўчат, цяжарных ў 18 без якіх-небудзь жыццёвых перспектываў.

 

Самае жудаснае, што мяне заўсёды дзівіць дома – гэта як людзі, знаходзячыся на самым дне сацыяльнай сістэмы, не маючы за душой нічога, заўзята пыхаюць патрыятызмам.

 

Аднойчы атрымалася падслухаць вельмі цікавую размову. Жабракі каля сабора ў цэнтры абмяркоўвалі навіны міжнароднай палітыкі.

 

Тады пачуўшы рэпліку: “Нас, рускіх не зламаць”, мне проста стала крыху смешна, зараз – страшна.

 

Невядома, каго менавіта лічыць “рускімі”, але сур’ёзна, не зламаць.

 

Іншай краіне гэта не пад сілу.

 

Радзіма штодня загартоўвае, трэніруе, гадуе сваіх грамадзян у самых цяжкіх умовах. А яшчэ і прапаганда ў дадатак.

 

Але – ўсе вакол яшчэ шчаслівыя і поўныя любові да гаспадара.

 

Паплакаць бы, але бярэ такая злосць, што не выціснеш і слёзы.

 

Пачатак гісторыі Алісы чытай тут.

 

Працяг хутка будзе! Заставайцеся з намі!

 

Мемуары эмігранткі -3. Чаму Аліса плача  

 

Здымкі Ірыны Новік, Алісы Чэкатоўскай