“SunDay AutoGrodno 2015”: унікальныя аўтамабілі з’едуцца ў Гродна

|

Сёлетні “SunDay AutoGrodno 2015” ужо шосты ад пачатку гісторыі фестываля. Гэтым разам у праграму міжнароднай сустрэчы ўладальнікаў самых рэдкіх і экзатычных аўтамабіляў уваходіць яшчэ і “Адкрыты кубак Гродзенскай вобласці па Ралі-Спрынту” а таксама спаборніцтвы мадэляў на радыёкіраванні. Чарговай цікавосткай фестывалю стане таксама этап Чэмпіяната Расіі па аўтагуку і цюнінгу. Гэта дае надзею, што ўзровень аўтамабіляў-удзельнікаў  будзе яшчэ лепшым, а спаборніцтвы парадуюць нават патрабавальную судзейскую калегію з  міжнароднай  Еўрапейскай Мобіл Медыя Асацыяцыі (EMMA).

 

Як заўсёды, адбудуцца спаборніцтвы па намінацыях “Цюнінг”, “Стэнс”, “Аўтагук”, “Рэтра” і “Аэраграфія”. Навінкамі шостага фэста будуць намінацыі “Электрамабілі” і “Канцэпты для аўта баёў”.

 

Кожную гадзіну на пляцоўку перад сцэнай будзе выяжджаць адзін з лепшых аўтамабіляў, а яго ўладальнік адкажа на пытанні, цікавыя гледачам.

 

Акрамя задавальнення, наведвальнікі фэста змогуць атрымаць і карысны досвед – спецыялісты прадэманструюць, як можна без пакраскі аднавіць кузаў бітай машыны, а  выкладчыкі экстрэмальнага кіравання аўтамабілем навучаць жадаючых, як правільна “руліць”.

 

Знайсці займальны спосаб пабавіць час на “SunDay AutoGrodno” змогуць не толькі аўтааматары.  Арбалетныя ціры, страйкболы, лазертагі, магчымасць патрапіць у “іншую рэальнасць” ці пракаціцца на матацыкле – гэта далека не поўны пералік забаваў, каторыя будуць прапанаваныя удзельнікам і гасцям свята. Адмыслова для дзяцей прадугледжваюцца дзіцячыя гарадкі і запрашаюцца аніматары.

 

Вечарам на галоўнай сцэне фестываля выступіць украінская група “Бумбокс”, а пасля ды-джэі распачнуць Open Air, які будзе доўжыцца да самай раніцы.

 

У гэтым годзе госці фестываля могуць заночыць у намётавым гарадку, які размесціцца побач з галоўнай пляцоўкай свята. Ён пачне прымаць пастаяльцаў ад пятніцы 17 ліпеня.

 

Афіцыйнае адкрыццё фестываля адбудзецца 18 ліпеня у 14.00.

 

У кошт білета ўключана магчымасць удзелу ва ўсёй дзённай праграме, канцэрт і начная частка.

Набыць білеты можна заранёў, па вуліцы 17 Сентября, 50. У гэтым выпадку за білет  трэба будзе заплаціць  60 000 рублёў. Пры пакупцы праз інтэрнэт-касы   (Ticketpro) кошт складзе 70 000, а ў дзень фестываля – 90 000. Дзецям да 12 гадоў уваход бясплатны.

 

Месца правядзення фестывальных мерапрыемстваў: пляцоўка аэраклуба (стары аэрапорт) – Гродзенскі раён, в. Караліно, насупраць возера Юбілейнага, 2 км ад Гродна ў бок мяжы з Польшчай.

Арганізатарамі фэста выступілі Гродзенскі раённы выканаўчы камітэт і клуб  АўтаГродна, а таксама “Блюзмабіль” з Гомеля і “EPIO School” з Мінска.