Стопрацэнтны білінгвізм і архітэктура на любы густ. Рыжскія нататкі гарадзенца
У адрозненне ад Літвы, дзе моладзь збольшага не разумее славянскіх моваў, у Латвіі пануе амаль стопрацэнтны білінгвізм. Хлопец звяртаецца да дзяўчыны па-латышску, дзяўчына яму адказвае па-расійску… У Латвіі няма пануючай хрысціянскай канфесіі – лютэране, католікі ды праваслаўныя дзеляцца амаль па-роўну. Рыга – сучасны васьмісоттысячны горад, але ў ім жыве траціна насельніцтва ўсёй краіны, што ніяк нельга прызнаць нармальным.
Знакаміты палац Чарнагаловых, дзе вясной 1921 года быў падпісаны Рыжскі мір. Адноўлены ў пачатку 2000-х. Хаця і навадзел, але абсалютна патрэбны для горада, таксама як Фара Вітаўта для Гродна.
Такіх кантрастаў шмат і карані іх хаваюцца глыбока ў гісторыі Латвіі, краіны, якая стагоддзямі шукала сваю ідэнтычнасць. Адшукаць яе было няпроста, бо латышы не мелі ўласнага Вялікага княства Літоўскага, іх летапіснае мінулае прайшло пад знакам нямецкага, шведскага, расійскага панавання. Мабыць таму латышы шукаюць вытокі яшчэ ў сваіх дагістарычных каранях – напрыклад сярод герояў нацыянальнага эпасу Лачплесісе або па старых звычаях шануюць дубы ды ліпы амаль таксама, як і хрысціянскія сімвалы.
align=”” alt=”Рыга” width=”515″ height=”386″ >
Крыху далей ад цэнтра засталося шмат прамысловых аб’ектаў, якія збольшага страцілі сваё значэнне і перабудоўваюцца ў галерэі і моднае жыллё.
Але Латвію ніяк нельга лічыць чужой беларусам і безумоўна варта яе наведаць. Асабліва, канешне, Рыгу.
Адзін з залатых пеўнікаў касцёла святога Пятра ў Рызе. Па легендзе, пасля чарговага рэмонту храма майстар кідаў са спіны гэтага пеўніка келіх ад віна (вышыня каля 150 метраў).
У Рызе засталося шмат драўлянай забудовы. Цэлыя вуліцы на так званым Маскоўскім Фарштаце.
Нас могуць адпужваць кошты жыцця, якія, на фоне таго, што латышскі лат каштаваў даражэй чым еўра, сапраўды былі досыць вялікія, аднак пасля ўвядзення еўра яны наўрад ці значна вышэй, скажам, за віленскія. Тым больш, што ў гарадзе шмат недарагіх піцэрыяў ды рэстаранаў нацыянальнай кухні “Лідо”. Ды і ў сучаснай моладзі ёсць шмат варыянтаў знайсці сабе дах над галавою на адну-дзве ночы, апрача традыцыйнага пасялення ў гатэлі. Тым больш, што беларускія маладзёны, здаецца, лёгка знойдуць агульную мову з латвійскай моладзю, і расійскамоўнай і латвійскамоўнай.