Турыстычнае эльдарада: у пошуках старых прамысловых аб’ектаў Гродзеншчыны

Шмат гадоў таму падчас археалагічнай разведкі ў ваколіцах Гродна былі знойдзены некалькі пагоркаў, якія вельмі нагадвалі старадаўнія курганы-пахаванні. Такая знаходка выглядала бы сенсацыяй, бо на Гродзеншчыне курганных пахаванняў амаль няма. Аднак эйфарыі маладых даследчыкаў хутка прыйшоў канец, калі старэйшы дасведчаны археолаг сцвердзіў, што гэта не тысячагадовыя пахаванні, а так званыя “буды”, у якіх мясцовыя сяляне выпальвалі дравесны вугаль.


У Беларусі тры вёскі з назвай Буднікі, 12 вёсак з назвай Будзішча і больш 30 “Будаў”. А яшчэ дзясяткі вёсак, урочышч і іншых мясцовасцей з назвамі Дзягцярня, Цагельня або Тартак.

 

Усе яны сведчаць пра тое, што нашыя продкі не толькі гаралі зямлю і збіралі ўраджаі бульбы, але таксама мелі досыць развітую тэхналогію прадуктаў перапрацоўкі мясцовай сыравіны, найперш драўніны.

 

Курган, у якім выпальвалі драўляны вугаль. Гэтай работай займаліся сяляне-буднікі

Дравесны вугаль быў патрэбны для ацяплення, а таксама розных хімічных вытворчасцей, напрыклад, вытворчасці поташу (з яго ў ХІХ ст. рабілі ачышчальныя сродкі). Дзёгаць быў незаменнай змазкай (шмаравідлам) для вазоў і лекам. Вапнавай рошчынай можна было змацоўваць цэглу, тынкаваць і бяліць будынкі.

Рэшткі печы па абпальванні вапны каля в. Кавалёўка Астаравецкага раёна 

Зусім нядаўна спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА папоўніўся новымі аб’ектамі. Сярод іх аказалася шмат збудаванняў, звязаных з традыцыямі прамысловасці і рамёстваў. Гэта, напрыклад, вінныя пограбы Шампані або вялізарныя склады Гамбурга.

 

Гэта яшчэ адно сведчанне таму, што цікавасць да прамысловых традыцый чалавецтва расце. Адноўленыя млыны, цагельні або іншыя старадаўнія вытворчасці Гродзеншчыны могуць стаць вельмі перспектыўнымі турыстычнымі мясцінамі. Таму варта выяўляць, апісваць і захоўваць такія аб’екты.

Прамысловае абпальванне вапны на гродзенскай цагельні. Мелавыя Горы пад Гродна. 1950-я гг.