Канадскі легіянер “Нёмана” Бенджамін Бро: Спадзяюся, мы апраўдаем давер заўзятараў

|

Прапанова аб працаўладкаванні ў Гродне паступіла Бенджаміну ад агента, які распавёў хакеісту аб зацікаўленасці такога беларускага хакейнага клуба як “Нёман”.

 

Шчыра кажучы, Беларусь не тая краіна, якую я ведаў. Усё, што я ведаў пра яе – гэта тое, што Беларусь была часткай былога СССР. Таксама я чуў пра трагедыю на Чарнобыльскай АЭС і пра Мінск. Пасля паступлення прапановы ад “Нёмана” я звязаўся са сваімі сябрамі з Латвіі і Беларусі. Для мяне галоўнае было даведацца, наколькі моцная беларуская хакейная ліга. Сябры сказалі, што краіна добрая і хакей на высокім узроўні – моцная ліга, дзе лепшыя каманды вельмі канкурэнтаздольныя паміж сабой. Хлопцы яшчэ сказалі, што ў Беларусі вельмі прыгожыя дзяўчыны.

– Чаканні апраўдаліся па прыездзе?


– Я тут толькі адзін тыдзень, усё паглядзець не паспеў. Але мне вельмі хочацца пазнаёміцца з Гродна бліжэй. Калі ў мяне ёсць час, тады я імкнуся выйсці на прагулку у сваім новым “родным месцы”.


Дзіўна, Гродна адносна невялікі горад, і мне ён здаўся вельмі прыгожым і вельмі чыстым. Гараджане вельмі прыемныя людзі, асабліва калі я хаджу па крамах і не ведаю, як знайсці той ці іншы прадукт. Я адкрываю Google Translate і проста паказваю тэлефон людзям, і ўсе як адзін былі вельмі добрыя і паказвалі, што мне трэба.


Але гэта не значыць, што я заўсёды буду так рабіць. Я ўжо спрабую вучыць рускую мову. Як мага хутчэй хачу пачаць камунікаваць з людзьмі. Я вельмі адкрыты чалавек, таму я хачу гаварыць з людзьмі без дапамогі тэлефона.


– Як табе беларускі клімат?


– Клімат вельмі падобны на той, да якога я прывык ў Манрэалі. Як у Канадзе, так і ў Беларусі – вельмі цёплае лета і халодныя зімы са снегам.

– Твае чаканні ад будучых гульняў за гарадзенскую каманду?


– Я, шчыра кажучы, не ведаю, чаго чакаць, бо ведаю аб камандзе і лізе зусім мала. Але я ўпэўнены, што мы будзем мець вельмі канкурэнтаздольную каманду. І як любы хакеіст, мы хочам перамагаць як мага часцей.


– Што скажаш заўзятарам, якія з нецярпеннем чакаюць новага сезону?


– Я спадзяюся, мы апраўдаем іх давер. Магчыма, будуць узлёты і падзенні, але я думаю, што важна для ўсіх трымацца разам. Заўзятары вельмі важныя ў спорце, і ўсе мы хочам аднаго ў выніку – перамог!