Загадкавыя героі міфаў і казак Старажытнай Грэцыі і Егіпта завіталі ў Гродна

Выставу прывёз у Гродна вядомы беларускі скульптар Уладзімір Найбіч. На прывезенай з брэсцкай вобласці экспазіцыі можна пабачыць 4-ох і 2-ух метровыя фігуры з загадкавага свету фэнтэзі і казак. У асноўным гэта героі са Старажытнай Грэцыі, Егіпта і Індыі. Але знайшлі мы і беларускага героя – зубра Волата з клюшкай, апранутага ў форму нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі.

Аўтар скульптур Уладзімір Найбіч раней рабіў велізарных дыназаўраў, якія ў мінулым годзе таксама паказвалі ў гарадзенскай выставачнай зале. Былі ў яго калекцыі матылькі ў рэальную велічыню, а таксама рыбы. Цяпер яны выстаўляюцца ў розных гарадах Беларусі.

Стварэнне муляжоў ў натуральную велічыню – гэта мастацтва, матэрыялы ж для гэтага – самыя звычайныя. У ход ідуць мантажная пена, туалетная папера, сілікон, шкуры козаў, конскі волас, пластык, пчаліны воск, вочы заказваюцца ў мінскіх таксідэрмістаў. Тыя часам і самі прыходзяць у здзіўленне: адкуль ім ведаць, якія вочы ў барадавачнiка. Выдаткі ж падручных сродкаў таксама ўражваюць: на адну галаву насарога толькі сілікону сыходзіць бутэлек 25. 

Акрамя саміх муляжоў, Уладзімір робіць яшчэ і фоны пад іх. Яны таксама ўсе розныя: алей і палатно, флок (абівальны матэрыял накшталт аксаміту), аўчына.

Арганізацыя выстаў патрабуе яшчэ масу іншых, немастацкіх уменняў. Перавозка калекцыі – таксама справа вельмі няпростая, як мінімум патрабуецца арандаваць фуру.

Паглядзець выставу можна да 13 верасня.
Кошт: 25 тысяч рублёў.