Гарадзенцы атрымалі бясплатныя візы на “Басовішча”. Якія сюрпрызы рыхтуюць музыкі? (шмат відэа + праграма)
Фестываль, які адбудзецца 17-18 ліпеня, штогод ладзіцца ва ўрочышчы Барык на польска-беларускім памежжы. У параўнанні з мінулымі гадамі колькасць жадаючых трапіць на “Басовішча” была значна меншай, перадае радые “Рацыя”.
Як зазначае Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Хадкевіч, усе жадаючыя паехаць на фестываль атрымалі візы без рэгістрацыі:
– Арганізацыя выезду на фестываль “Басовішча” ўжо цягам многіх гадоў тая ж самая: арганізатары фестывалю загадзя звяртаюцца да консульства, яшчэ вясной, і узгадняюць, якая будзе група ўдзельнікаў з Беларусі, хто будзе яе арганізатарам у Беларусі.
Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне на працягу апошніх пяці гадоў ажыццяўляе візавую падтрымку аматараў музыкі, якія выязджаюць на фестываль “Басовішча”. Усе, хто звяртаецца за дапамогай, атрымліваюць кароткатэрміновыя бясплатныя візы, якія даюць магчымасць наведаць адну з самых значных музычных падзеяў года.
Арганізатары фестывалю агучылі сёлетні лайн-ап. Якія сюрпрызы наведвальнікам рыхтуюць музыкі?
align=”” alt=”Басовішча 2015″ width=”515″ height=”515″ >
Арганізатары “Басовішча-2015” назвалі ўсіх удзельнікаў фестывалю і апублікавалі сёлетні лайн-ап. 17–18 ліпеня на лясной палянцы Борык каля мястэчка Гарадок на Беласточчыне выступяць 14 гуртоў з Беларусі, Польшчы і Украіны. Адкрыецца фестываль у пятніцу конкурснай часткай, дзе за ўзнагароду ў 2000 злотых (550 долараў), выступ на “Басовішчы-2016” і актыўную ратацыю ў прайм-тайме на “Радыё Рацыя” пазмагаюцца гурты Exegutor, ByCry, Tonqixod ды “СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!”. Абодва вечары оўпэн-эйра закрыюць дыджэі — Lou Badgers ды Jungle Feelings.
Еўрарадыё сабрала кароткую інфармацыю пра ўсіх удзельнікаў “Басовішча-2015” і даведалася, якія сюрпрызы наведвальнікам рыхтуюць музыкі.
17 ліпеня ў 19:00 на сцэну ў Борыку выйдуць мінскія панк-рокеры Monkey Bite. Праз год пасля стварэння, музыкі выдалі аднайменны дэбютны ЕР і атрымалі прэмію “Дэбют года” на Ultra-Music Awards 2011. Праз год Monkey Bite сталі пераможцамі ў намінацыі “Рок” на 4-м фестывалі альтэрнатыўнай моладзевай культуры “Art-House”. 10 лістапада 2013 года Monkey Biteвыпусцілі сінгл “Kasmanaŭty i dzieci“.
Наступны ўдзельнік “Басовішча-2015”, рэпер SP Kava выдаў дэбютны ЕР “Што табе сніцца” у чэрвені 2013 г. У тым жа годзе быў намінаваны на прэмію “Героі года 2013” па версіі сайта Tuzin.fm. Сёлета выйшаў ЕР “яМы“, куды увайшлі пяць трэкаў, у тым ліку, “Думалі”, запісаны для праекта “Re:Песняры“.
У траўні польскаму гурту Ilo&friends, які з’яўляецца заўсёднікам фестывалю “Басовішча”, споўнілася 10 гадоў. Так што выступ 17 ліпеня можна лічыць своеасаблівым святкаваннем. Цяпер музыкі рыхтуюць трэці альбом, а адпаведна сваім выступам пакажуць, што апошнім часе адбываецца ў гурце і што ўвойдзе на новы дыск.
Магілёўцы Akute прывязуць на фестываль у Гарадку гадзінную выбарку баявых песень.
“Мы выбралі праграму менш лірычных песень, — каментуе басіст гурта Раман Жыгараў. — Гэта мікс з усіх трох альбомаў. Шчыра кажучы, я не ведаю, чаму ў нас такі настрой, але цяпер нам цікавей граць больш моцныя, рокавыя трэкі. Таму выступ абяцае быць даволі вясёлым”.
У праграму Akute ўключылі дзве новыя песні “Яшчэ адзін шпіталь” ды “Усё павернецца”, якія трапяць на наступны альбом. І больш прэм’ер музыкі рабіць не плануюць аж да запісу чацвёртага студыйніка, які, магчыма, пачнецца ўжо восенню.
“Усё вельмі проста: большасць песень, але не ўсе, — з альбома “Грамадазнаўства” і песні розных гадоў, — распавядае пра праграму Лявон Вольскі, якога мы злавілі акурат падчас рэпетыцыі. — Граць трэба шмат, бо нас чамусьці папрасілі паўтары гадзіны выступаць… але сыграем! Ніякіх прэм’ер не будзе. Новыя песні, натуральна, ёсць, але пакуль іх рана прэзентаваць”.
Склад, з якім Лявон Вольскі выступіць у якасці аднаго з хэдлайнераў першага дня “Басовішча-2015”, трымаецца ў сакрэце. Маўляў, “прыязджайце і ўсё самі ўбачыце!”.
Закрые оўпэн-эйр 17 ліпеня мінскі shamanic-folk metal гурт FolCore. Першы прома-трэк “Да зорак шлях” музыкі выпусцілі ў сярэдзіне 2014 года. Дзякуючы выступу на сёлетнім “Купальскім коле”, каманда была заўважаная арганізатарам “Басовішча” Ганнай Пякарскай і запрошаная ў якасці хэдлайнера на фестываль у Гарадку.
Другі дзень “Басовішча-2015” адкрываецца выступам беластоцкага гурта Monroe’s Mysterious Death.
Працягне фестываль “Трыа Ягора Забелава” — калектыў выбітнага беларускага акардэаніста, экс-удзельніка гуртоў “Серебряная свадьба” і “Нагуаль”, заснавальніка дуэта “Gurzuf“, удзельніка шматлікіх оўпэн-эйраў ды лаўрэата шматлікіх конкурсаў.
Беластоцкі гурт Ostrov, які выступіць 18 ліпеня ў 20:00, фактычна з’яўляецца вынікам рэбрэндынгу і рэстайлінгу яшчэ адных заўсёднікаў “Басовішча”, каманды Rima. Новы гурт Андрэя Паплаўскага толькі-толькі з’явіўся, таму іх выступ на сцэне ў Борыку будзе своеасаблівай прэзентацыяй.
“Мы вязем крыху незвычайную праграму, — кажа лідар гурта Pomidor/OFF Аляксандр Памідораў. —Яна будзе не негатыўнага настрою, а пазітыўнага і не такая цяжкая ды забойная. Зусім новых песень не будзе, але будзе колькі сюрпрызаў. Напрыклад, адну песню мы выканаем у такім варыянце, у якім яшчэ яна ніколі не гучала. Карацей, усё для радасці ўлетку”.
“Гады, краіны, музыка і светлыя людзі злучылі разам сэрцы адной дужай каманды, — анансуюць свой хэдлайнерскі сэт другога дню фестывалю Brutto. — Прайшло больш за 45 самых гучных, самых абмяркоўваемых, самых скандальных канцэртаў у новай галактыцы думак, музыкі і моладзевых збораў нашага сусвету! Адважныя, дужыя, загартаваныя духам мы не пакідаем абыякавым ніводнага, хто прыйшоў на добрыя спевы з тэкстамі, якія захопліваюць дух і думкі, з нястрымнай энергіяй святла і нятленнай прагай волі! Сіла становіцца трохразовай, унутраны свет становіцца чысцейшым, агонь у кожным з нас ярчэе! Мы даём сваю далонь, усім хто застаўся малады! Нашы песні для вас, гэтыя песні пра вас!!! Родны край! Мы едзем на легендарны збор усіх братоў і сясцёр Brutto незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання! Нарэшце мы збярэм усіх у адным месцы, і пакажам, што мы адзіная святая сіла са светлымі думкамі і яркім агнём у вачах і сэрцах!”
Яшчэ адзін хэдлайнер сёлетняга “Басовішча” — гурт Lao Che, які сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю ў Польшчы. Музыкі маюць шмат узнагарод за ўнёсак у развіццё і папулярызацыю сваёй культуры і неаднойчы адзначаліся не толькі дзяржаўнымі супрацоўнікамі, але і старэйшымі калегамі-музыкамі. У сакавіку Lao Che выдалі альбом “Dzieciom“, які прызначаецца для дарослых дзяцей. Мяркуючы па ўсім, менавіта гэты рэліз і прадставяць музыкі ў Гарадку.
Закрые фестываль “Басовішча-2015” гарадзенскі фолк-панк-гурт Dzieciuki. На пачатку 2014-га калектыў выдаў дэбютны альбом “Гарадзенскі гармідар“, які нарабіў нямала шуму ў беларускай музычнай тусоўцы. Сам калектыў быў намінаваны на “Гурт года” на музычнай прэміі Еўрарадыё “Даём рады“.