Слон у Гродне: гісторыя ад пачатку да нашых дзён
У архіве ці не кожнай тутэйшай сям’і ёсць здымкі дзяцей на фоне гэтай жывёлы. Ужо ад 2002 года гарадзенскі заапарк не мае ў сваёй калекцыі такой цікавосткі, аднак інфармацыя пра тое, што слон тут вось-вось з’явіцца, перыадычна ўсплывае ў сродках інфармацыі і абуджае новыя надзеі і спадзяванні ізноўку пабачыць слана ў родным горадзе.
Упершыню індыйскі слон з’явіўся ў гарадзенскім заапарку 30 жніўня 1955 года, прывезлі яго з В’етнама, у якасці падарунка ад брацкага народа. Звалі слана Машка, і да ад’езду ў Гродна ён служыў ва В’етнамскай Народна-вызваленчай арміі.
Слон Маша. Здымак 1955 года
Слон Маша. Здымак 1958 года
У рэкламным буклеце заапарка паведамляецца, што ў 1963 годзе у гарадзенскім заапарку экспанаваліся адначасова нават два сланы!
Аднак, большасці сучасных гарадзенцаў найбольш помніцца слон Сурак, таксама індыйскі, які з’явіўся ў заапарку 31 жніўня 1965 і быў прывезены з Лейпцыга. На той час ён быў адзіным сланом у краіне.
Яго сапраўды любіў увесь горад, хаця нельга сказаць, што жарты Сурака заўсёды былі зразумелымі для гарадзенцаў. Дырэктар заапарка, Алег Жданкін ў адным з інтэрв’ю казаў, што часам слон пачынаў кідацца экскрэментамі, бо яму трэба было ўвесь час нечым бавіцца, каб не сумаваць.
За 37 гадоў жыцця ў Гродне слон хварэў двойчы. У 1980х гадах яго ўдалося вылечыць. Тады кансультатыўную дапамогу гарадзенскім калегам аказалі адмыслоўцы з маскоўскага заапарка.
Другім разам Сурак захварэў у 2002 годзе. Пад час хваробы слон стаў імкліва худнуць, страціў больш за 500 кілаграмаў вагі, яму стала цяжка хадзіць.
Жыхары горада шчыра імкнуліся яму дапамагчы – неслі ў заапарк грошы, лекі і ежу для жывёлы. Аднак, час узяў сваё – Сурак памёр. У няволі сланы жувуць каля 50 гадоў, а яму на той час было 45.
Ад той пары мясцовы заапарк застаўся без адметнай жывёліны, але надзею ізноўку пасяліць слана ў Гродне не страціў. Інфармацыя пра тое, што плануецца набыць слана перыядычна ўзнікала ў медыях, і самай сур’ёзнай прычынай каторая не дазваляла здзейсніць мару, была асутнасць адпаведнага месца для ўтрымання жывёлы – сланоўніка. Будаўніцтва яго было запланавана падчас рэканструкцыі заапарка і яго завяршэнне планавалася на канец 2011 года.
Аднак ужо 1 красавіка 2009 года з’явілася нават навіна, каторая паведамляла, што пару сланоў даставілі ў Гродна на самалёце і пасялілі ў Каробчыцах, дзе яны будуць жыць на волі ў чаканні сканчэння будоўлі свайго жытла. Вядома, гэта быў першакрасавіцкі жарт, але гарадзенцы гатовыя былі абмануцца і паверыць у здзяйсненне мары.
У 2011 годзе з’явілася інфармацыя што слон можа прыбыць ў Гродна ўжо летам і было анансавана, што гэта будзе дрэсіраваны слон, які скончыў сваю цыркавую кар’еру. Аднак і гэтым разам нешта не склалася і слон да Гродна так і не даехаў.
У 2012 годзе наш заапарк падаў заяўку на ўступ у міжнародную праграму па захаванню і размнажэнню рэдкіх відаў жывёл. Гэта дало надзею атрымаць жывёлу ў межах праграмы бесплатна, на ўмовах аплаты толькі транспартных выдаткаў. Для таго, каб гэты магчымасць ажыццявіць, неабходна было, каб слноўнік адпавядаў еўрапейскім нормам утрымання гэтых жывёлаў. А гэта значыць, што начны вальер для слана павінен быць не меньшым за 100 м2, экспазіцыйны вальер 250м2, вышыня будунка не меншай за 6-8 метраў. Усе патрабаванні былі ўлічаны нават пашыраны. Для будучага слана дадаткова падрыхтавалі яшчэ і басейн
У 2014 годзе будоўля дома для слана ўсё яшчэ не была завершана, і гэтым дырэктар заапарка тлумачыў адсутнасць магчымасці прывезці даўгачаканую жывёлу ў горад.
Апошнія афіцыйныя паведамленні пра слана кіраўніцтва заапарка рабіла ў чэрвені бягучага года. Паведамлялася аб перамовах па яго набыццю ў Лаосе. Аднак кошт у 100 – 120 тысяч долараў ЗША і 60 – 80 тысяч – за яго транспартыроўку падаўся кіраўніцтву заапарка непамерна высокім. Зараз разглядаецца шэраг іншых варыянтаў.
А гаражане па-ранейшаму чакаюць новага любімца ў мясцовым заапарку.