Мемуары эмігранткі – 5. Грамадзянская пазіцыя – кухонны актывізм
А ведаеце, я шчаслівая. Цэнтр горада. Дзялю лужок з выдатнай шведскай парай. Яны высокія бландзіны? Не. Але адназначна мясцовыя. Гэта бачна па мернасці, спакою іх рухаў і знешнім выглядзе. Ён лёг задрамаць, яна чытае.
Сёння, традыцыйна на кухні, у мяне адбылася палітычная гутарка з бацькам сям’і.
Я не імкнуся ім падабаецца, не люблю, калі скачуць і дэманструюць свае лепшыя бакі. Нават тут гэтым займацца не збіраюся. І што пацешна – ён, здаецца, ацаніў.
Бацька – швед ва ўзросце. Ён не бачыць. Цікава лёс (з верай у які яшчэ не вызначылася) зводзіць масты. Усё жыццё раздражняла, што пры першай сустрэчы людзі ставяцца да цябе згодна са знешнасцю.
І ў галовах большай часткі беларусаў, маладзенькая дзяўчынка не можа быць разумнай, яна можа быць толькі “мілай”. У Швецыі ўсё па-чэснаму. Можна прыйсці ў лахманах ў дарагі буцік і не злавіць ніводнага пагардлівага позірку.
А сляпы чалавек, як аказалася, здольны ўбачыць больш чым відушчы.
Ранкам на кухні ён разважаў пра эмігрантаў. Пра тое, што бягуць сюды мыць падлогі. Яму проста незразумела, як гэтыя людзі могуць быць пры гэтым шчаслівымі, чаму не імкнуцца да большага.
Я спрабавала растлумачыць, але ён сказаў: «Я маю шведскі пашпарт, а значыць, у мяне ёсць усё. Мае дзеці маюць шведскі пашпарт і ў іх таксама ёсць усё – чыстая вада, адукацыя, будучыня, еverything». Ён шчыра не можа зразумець, як у 21 стагоддзі, на Украіне, у Еўропе (!) гінуць людзі, як можа адсутнічаць гарачая вада і чаму яны нічога не мяняюць.
Чаму людзі едуць сюды мыць падлогі, забіраюць свае заробленыя грошы і зноў ўцякаюць на радзіму? Гэта сапраўды цяжка зразумець нават мне, дзяўчынцы з беларускім пашпартам.
Дзе мяжа нашага цярпення, дзе амбіцыі і павага да сябе? Калі наступіць кропка кіпення, каб людзі ўзяліся за рукі і сказалі: “Хопіць. Мы больш не будзем плыць па цячэнню. Мы здольныя вырашаць нашы лёсы самі”. Калі душа існуе, то цяпер яна баліць за нас усіх.
Перад тым, як выбралася ў горад, мой відушчы швед падышоў і сказаў, што вельмі рады бачыць мяне ў сваім доме: “У нас сапраўдная журналістка!”. Пакуль спрабавала сфармуляваць у галаве фразу, што на радзіме мне патрэбна паперка, каб звацца журналісткай, ён сказаў:
“Ты думаеш, а значыць можаш змяніць усё”. Хм… магу толькі сказаць, што ў дзень, калі перастану спрабаваць, хтосьці знойдзе маё застылае цела.
Шведская пара сабралася сыходзіць. Адарылі усмешкай. Ну, што ж, дзякуй, вы былі мілымі суседзямі.
Гісторыя Алісы ад пачатку:
Мемуары эмігранткі – 2. Шчаслівы квіток
Мемуары эмігранткі -3. Чаму Аліса плача
Мемуары эмігранткі – 4. З Леонам усё ў парадку
Працяг хутка будзе! Заставайцеся з намі!
Здымкі Ірыны Новік, Алісы Чэкатоўскай.